2006-06-27 14:34:16

Мы працягваем наш цыкл "Пад знакам Ісуса".


Калі мы гаварым пра станаўленне Хрысціянскай рэлігіі і расказваем абжыцці тых першых суполках вернікаў, то нельга не прыпомніць і пра тое, што ўжо ў ІІ-м стагоддзі ад Нараджэння Хрыстова ўнутры Хрысціянства адбыўся вялікі раскол. Першыя прызнакі з’яўлення ерэсяў намеціліся яшчэ ў 80-я гады І-га стагоддзя. У Новым Запавеце сустракаецца шмат перасцярогаў пра з’яўленні ілжэпрарокаў, якіх трэба было прымусіць маўчаць дзеля захавання веры. Па меры таго, як зараджаліся новыя вераванні, з’яўлялася патрэба абараніць праўду ад скажэння. Маладым Цэрквам трэба было ўсталяваць правіла веры і вырашыць пытанне аб прававернасці.
Немагчыма нават пералічыць усе тыя палажэнні, па якіх узнікалі спрэчкі і разнагалоссіі, якія перарасталі ў ерэсі. Адныя сумляваліся ў боскай сутнасці анёлаў, другія прапаведвалі крайні аскетызм і заклікалі да абету безшлюбнасці, трэцція адмаўлялі ўваскрэсенне або сцвярджалі, што ўваскрэсенне ўжо адбылося для ўсіх, хто атрымаў хрост... Адна з ерэсяў ставіла пад сумліў чалавечае ўцелаўленне Сына Божага, яе прыхільнікі сцвярджалі, што “Богу не падабае адзявацца ў нізьменнае цела і цярпець катаванні і смяротнае пакаранне, якія ёсць удзел чалавечы”. Ужо ў Евангеллі паводле Яна можна знайсці сведчанні аб падобных спрэчках. Апостальскі Айцец, біскуп Антыахійскі Ігнацій, у пасланні да хрысціянаў Цэркваў Малой Азіі аблічае тую ж ерэсь, якая атрымала назву “дакетызм”, або навука аб прывіднасці цела і цялеснага жыцця Ісуса. Назва пайшла ад грэцкага слова “dokeo”, што азначае “здавацца”, “падавацца”. Дакетызм атрымаў шырокае распаўсюджванне разам з іншымі ерэтычнымі плынямі.
У ІІ-м стагоддзі ерэсі былі вялікай пагрозай для Царквы, якая хаця і называлася “Усяленская”, па-грэцку Каталіцкая, але сілы яна яшчэ не мела. Раскол адбываўся ўнутры аднаго горада, адной суполкі. Разнагалоссі даходзілі да таго, што прыходзілася правадзіць дзве споведзі і дзве еўхарыстыі. Але прыблізна ў 140-м годзе, у Рыме, нараджэнец Понта, хрысціянін якога звалі Маркіон, стаў прапавеваць сваё вучэнне, у якім адмаўляў, што Бог-Творца, якога шанавалі Майсей і біблейскія прарокі, падобны на Ісуса Хрыста. Той Маркіон супрацьпастаўляў два Святых Пісьма, сцвярджаючы, што Бог юдэяў – гэта нізшы Бог, які стварыў не ідэальны свет. А вось Бог, які раскрыўся ў Ісусе Хрысце, Бог усеагульнай любові, не мае нічога агульнага са старазапаветным. Маркіон не прызнаваў усе багаслоўскія кнігі, дзе ўзгадвалася пра Бога Старога Запавету. У Маркіона аказалася шмат прыхільнікаў і негледзячы на тое, што ў 144-м годзе ён быў адлучаны ад Царквы Рымскай хрысціянскай суполкай, ён стварыў супольнасць, якую нават звалі царквою і якая існавала даволі доўгі час, пакуль не знікла.
Аўтар “Царкоўнай гісторыі”, біскуп Еўсевій Кесарыйскі, які памёр у 430-м годзе, пісаў, што “Марк быў першым пасланы ў Егіпет, прапаведваў там Евангелле, ім напісанае, і заснаваў цэрквы ў самой Александрыі”. На самой справе хрысціяне з’явіліся ў Александрыі задоўга да таго, як Марк напісаў сваё Евангелле. А вось сам Егіпет, у першыя два стагоддзі хрысціянства, калі існавала вялікая колькасць розных рэлігійных плыняў, быў сапраўднай “зямлёй абяцанай” для многіх ерэтыкоў. Тут таксама прыжылася ерэсь фрыгійца Мантана, які разам з дзвума сваімі прарочыцамі, ў 172-м годзе, заявілі, што канец света ўжо блізкі. Мантан сцвярджаў, што атрымаў адкрыццё Святога Духа, падобнае на тое, якое атрымаў Ісус.
Паколькі канец света казаўся блізкім, Мантан патрабаваў ад вернікаў максімальнага аскетызма і адказу ад шлюбу. Яго ідэі карысталіся вялікай папулярнасцю не толькі ў Малой Азіі і Паўночнай Афрыцы, але і ў Рыме, і нават ў Ліоне, на зямлі цяперашняй Францыі. Да так званага мантанізму напрыканцы жыцця далучыўся і сам вялікі Тэртуліян – Айцец Хрысціянскай Царквы і аўтар многіх багаслоўскіх працаў.
Аднак перад Хрысціянствам адкрываўся і другі шлях – шлях, які прадбачылі паслядоўнікі “дакетызма” і прыхільнікі Маркіона, пра якіх мы ўзгадвалі раней. Гэта быў шлях праз пазнанне. Прадстаўнікі шматлікіх групаў аб’ядноўваліся пад назвай “гностыкі”, ад грэцкага слова “gnosis”, што значыць “веды”. Гностык – гэта чалавек, які атрымаў веды. “Хто сам сябе ведае, той выратаваны” – такім быў іх дэвіз. Гностыкі лічылі, што ведаюць, адкуль пайшлі людзі і што кожны чалавек нясе ў сябе боскую іскру. Гэтая іскра зыходзіць ад Боскага Святла, з якім яна зноў імкнецца паяднацца. На думку гностыкаў, свет, ствараны Богам-Творцай са Старога Запавету, недасканалы, а над юдэйскім богам стаіць сапраўдны Бог – “Бездань і Маўчанне”, які даруе выратаванне праз веды. Гностыкі лічылі, што Ісус быў пасланы сапраўдным Богам дзеля таго, каб паказаць боскім іскрам шлях з матэрыяльнага свету. Для гэтага Ісус прыняў вобраз чалавечы, праўда, без поўнага шцелаўлення. Таму Ён не мог у поўнай меры пакутваць і не мог памерці. Гностыцызм шырока распаўсюдзіўся ў Егіпце, у Азіі, у Палестыне і нават на зямлі сучаснай Францыі, у даліне ракі Рона, у горадзе Ліон.
Ліон, стаяў на скрыжаванні дарог, якія вялі ад Рэйна ў Аквітанію, Нарбону і Італію, у часы рымскага імператара Аўгуста, горад стаў сталіцай Галліі. Хрысціянства там зарадзілася ў 150-м годзе сярод выхадцаў з Фрыгіі і азіяцкіх правінцый Рымскай імперыі. Адзін з іх, біскуп Пофін, стаў галавой Ліонскай Царквы. Ён быў вучнем Палікарпа, біскупа горада Смірна, які ў сваю чаргу, быў вучнем Апостала Яна. У 177-м годзе Пофін прыняў мучаніцкую смерць пад час пераследвання хрысціянаў і галавой Ліонскай Царквы стаў багаслоў і пастыр Божы Ірынэй.







All the contents on this site are copyrighted ©.