2006-06-22 13:31:11

Сусьветны дзень малітваў аб сьвятасьці сьвятароў


Сусветны дзень малітваў аб святасці святароў адзначаецца ва ўсіх парафіях Беларусі.
У Мінска-Магілёўскай і Пінскай дыяцэзіях ён адбудзецца 23 чэрвеня, ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса.
Дэвізам Сусветнага дня малітваў стануць словы з Евангелля паводле Яна «Я назваў вас сябрамі» (Ян 15, 15). Разважаць над сутнасцю святарскага паклікання і аўтэнтычнага жыцця святара ўдзельнікам духоўнай сустрэчы дапаможа гамілія Святога Айца Бэнэдыкта XVI, якую ён прамовіў падчас святой Імшы Хрызма ў Вялікі чацвер, калі Касцёл узгадваў устанаўленне Эўхарыстыі і сакрамэнту святарства. (Пераклад гаміліі Бэнэдыкта XVI на беларускую мову >>>)
У гэты дзень заклікаем усіх вернікаў узносіць малітвы за сваіх духоўных пастыраў, даручаючы іх Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса Хрыста — Найвышэйшага і Вечнага Святара.


20 чэрвеня 2006 г. у пінскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася духоўная сустрэча святароў Пінскай дыяцэзіі, якая была прысвечана Сусветнаму дню малітвы аб святасці святароў.
Распачалася сустрэча разважаннем пра значэнне місіі святара і яго паклікання. Пасля абвяшчэння гаміліі Святога Айца Бэнэдыкта XVI (якую ён прамовіў у Вялікі чацвер), адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой узносіліся малітвы-просьбы аб святасці святароў.
Святую Імшу цэлебраваў кардынал Казімір Свёнтэк разам з дапаможным біскупам Казімірам Вялікасельцам і святарамі Пінскай дыяцэзіі.


26 чэрвеня 2006 г. на духоўную сустрэчу, прысвечаную Сусветнаму дню малітвы аб святасці святароў, у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі збярэцца духавенства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
А 11-й гадзіне распачнецца ўрачыстая святая Імша, якую будзе цэлебраваць Апостальскі Адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Антоній Дзям’янка.
У цэлебрацыі прыме ўдзел кардынал Казімір Свёнтэк, які з моманту аднаўлення структураў Касцёла ў Беларусі на працягу 15-ці гадоў быў пастырам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і на гэтай пасадзе зрабіў неацэнны ўнёсак у адраджэнне рэлігійнага жыцця ў нашай краіне.
Канцэлебраваць святую Імшу таксама будуць Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Аляксандр Кашкевіч, біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Вялікаселец, святары Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.