2006-06-13 13:54:20

Пілігрымка венецыянскіх вернікаў-католікаў у Грэцыю.


Важна, каб усе хрысціянскія Цэрквы аб’ядналі свае намаганні і імкнуліся разам пераадоліць непаразуменні, якія з’яўляюцца скандалам у вачах свету, - заявіў праваслаўны мітрапаліт Афінскі Хрыстодулос, галава Грэцкай Праваслаўнай Царквы, пад час сустрэчы з каталіцкім Патрыярхам Венецыі, кардыналам Анджело Скола, і групай з 50 пілігрымаў-венецыанцаў, якія зараз знаходзяцца ў Грэцыі. Сустрэча прайшла ў вельмі сяброўскай і сардэчнай атмасферы, падкрэсленай таксама дэлікатным і шматзначным рашэннем грэцкага Патрыярха, які сядзеў на сваім троне галавы Царквы, але на адным узроўні з венецыанскімі гасцямі.
У сваім выступленні Патрыярх Хрыстодулос адзначыў, што Праваслаўная Царква ў Грэцыі адыграла вялікую ролю пад час акупацыі краіны Асманскай імперыяй, баронячы права народа на ўласную мову, баронячы хрысціянскую веру і падтрымліваючы надзею на вызваленне. Менавіта ў святле гэтых падзей, - падкрэсліў Патрыярх, - робіцца зразумелым, чаму сёння сярод народа, таксама і ў мадзёвых асяродках, захоўваецца моцная лучнасць з Праваслаўнай Царквой, да якой належыць 98 % насельніцтва Грэцыі.
У сваю чаргу, кардынал Скола падзякаваў галаву Грэцкай Праваслаўнай Царквы за прыём і падкрэсліў важнасць малітвы аб еднасці ўсіх хрысціянаў, каб яны мелі магчымасць разам сведчыць аб Эвангеллі ў Еўропе і ва ўсім свеце. Патрыярх Венецыі адзначыў здольнасць Праваслаўнай Царквы адэкватным чынам адказваць на пытанні мужчынаў і жанчынаў нашых часоў аб прыгажосці, справядлівасці і свабодзе.
На заканчэнні спаткання Патрыярх Хрыстодулос паведаміў, што ідзе падрыхтоўка яго візіту ў Рым, пад час якога ён сустрэніцца са Свяцейшым Айцом Бенедыктам XVI°.







All the contents on this site are copyrighted ©.