28 мая 2006 г. у полацкім касцёле святога Андрэя Баболі адбыўся канцэрт, які наладзіла
моладзь полацкага дэканата. Менш года дзяўчаты і хлопцы з Полацка і Наваполацка, Расонаў
і Верхнядзвінска спяваюць разам, але ўжо паспелі сыграцца ды саспявацца настолькі,
што нават і ўласны альбом выпусцілі. «Кадаш» — так называецца гэты дыск, які складаецца
выключна з духоўных спеваў. Габрэйскае слова кадаш у Старым Запавеце азначае
«святы». Таму нездарма гэты альбом прысвечаны памяці Святога Айца Яна Паўла ІІ, беатыфікацыі
якога чакаюць усе вернікі Касцёла, а асабліва моладзь. Юнакі і дзяўчаты Полаччыны
спяваюць шмат цікавых песень, якія ў будучым, магчыма, складуць яшчэ адзін дыск. Такія
спадзяванні вынікаюць найперш з таго, што альбом «Кадаш» карыстаецца поспехам не толькі
сярод моладзі, а таксама і сярод людзей старэйшага ўзросту. Сакрэт гэтага поспеху
просты: спевы з альбома «Кадаш» — пра Бога, Ягоную вялікую любоў да чалавека і пра
тое, што чалавек павінен адказваць Найвышэйшаму ўзаемнаю любоўю. Толькі так ён можа
быць шчаслівым. Выпушчаны музычны альбом дзякуючы клопату пробашча парафіі святога
Язафата Кунцэвіча ў Расонах Вячаслава Барка. Набыць альбом можна ў парафіях Полацка,
Наваполацка, Расонаў, Верхнядзвінска, а таксама ў сталічнай кнігарні «Духоўная кніга»
(вул. Багдановіча, 25).