2006-06-10 08:43:39

Біскуп Чэслаў Сіповіч Сьвятар і Беларус


Матулевіч памёр y пачатку 1927 году. На ягонае месца генэралам марыянаў абралі Францішка Бучыса (1872–1951), таксама летувіса. Перад Першай сусьветнай вайною ён шмат часу правёў у Пецярбурзе, перш як студэнт, a пасьля як прафэсар фундамэнтальнага багаслоўя i віцэ-рэктар (інспэктар) Імпэратарскай Каталіцкай Духоўнай Акадэміі. Напэўна, тады ён захапіўся думкай “навяртаньня Расеі”. Ён так да канца i не зразумеў, што беларусы – гэта асобная нацыя. Райца польскай амбасады ў Ватыкане Станіслаў Янікоўскі ў гутарцы з Бучысам 3 сьнежня 1930 году зьвярнуў увагу, што назоў “Камісія для Расеі” не зусім адпаведны, бо тая займаецца справамі ня толькі расейцаў, але таксама беларусаў, украінцаў ды іншых. Бучыс адказаў, што «беларусы i маларусы – гэта таксама расейцы. Гэта прызнавалі ў сваім часе імпэратары (расейскія. – А.Н.) у пераліку сваіх тытулаў»11.
Думка пра “навяртаньне Расеі” не пакідала Бучыса праз усё жыцьцё. Калі паўстала камісія “Pro Russia”, ён адчуў y старшыні гэтай установы свайго аднадумца, i яму не заняло шмат часу, каб стаць калі не супрацоўнікам, то прынамсі, як трапна выказаўся Трэцякевіч, «паслухмяным i верным выканаўцам загадаў Дэрбіньі»12.
18 красавіка 1929 году Бучыс пісаў айцу Абрантовічу ў Харбін: «Айцец біскуп Дэрбіньі мае галаву i мае сапраўды прыхільнасьць да Айца (Абрантовіча. – А.Н.), да Друі i да мяне. У цяперашніх абставінах ім ня можна грэбаваць з увагі на нашыя цяперашнія патрэбы. Ва ўсіх абставінах гэта годны пашаны дастойнік i выдатны працаўнік y вялікай справе»13.
Абрантовіч, які дзякуючы гэтаму “годнаму пашаны дастойніку”, не без удзелу Бучыса, апынуўся на іншым канцы сьвету, каб “навяртаць расейцаў”, мог бы абысьціся і бяз гэтай празьмернай “зычлівасьці”. 3 красавіка 1929 году ён пісаў Бучысу: «Дзіўныя сапраўды людзі... паслалі, самі ня ведаючы, што тут ёсьць... грошай, ані інструкцыяў ня далі, не акрэсьлілі максімальных i мінімальных межаў, y лістох не перасьцераглі... кажуць існаваць y самай бязглуздай сытуацыі, на крэдыт ужо 4-ты месяц (падкрэсьлена Абрантовічам. – А.Н.)... i цяпер маюць караць»14.
Бучыс жа, які спакойна жыў у Рыме, сапраўды ня мог скардзіцца на недахоп увагі з боку свайго апекуна. Калі ў 1930 годзе камісія “Pro Russia” стала незалежнай установай, Дэрбіньі ледзь ня першай справай на пасадзе яе старшыні выстараўся біскупскую годнасьць для свайго памочніка і прызначыў яго апостальскім візытатарам для расейцаў у Заходняй Эўропе. Няма сумневу: Дэрбіньі проста ўзнагародзіў Бучыса за верную службу, бо патрэбы ў прызначэньні не было. Бучыс меў тады ўжо амаль 60 гадоў, ён нарадзіўся і гадаваўся ў рымскім абрадзе. Айцец Кірыла Каралеўскі (француз; сапраўднае прозьвішча Жан Шарон (Jean Charon), 1878–1959), добры знаўца Ватыканскай “усходняй палітыкі”, пісаў: «Каб зрабіць больш урачыстымі богаслужэньні і адначасова даць магчымасьць студэнтам навучыцца абраду, Дэрбіньі пастараўся зрабіць тытулярным біскупам Алімпу а. Пятра Бучыса, законьніка маленькага закону з цэнтрам у Друзе ў Літве (так у тэксьце! – А.Н.)... аднавіцеля свайго закону (аднавіцелем марыянаў быў ня Бучыс, а Матулевіч. – А.Н.), які Дэрбіньі хацеў выкарыстаць для апасталяту ў Расеі... Ён (Бучыс. – А.Н.) амаль зусім ня ведаў усходняга абраду, але Дэрбіньі разьлічваў на тое, што ён возьмецца за яго рашуча... Мушу сказаць, што, застаўшыся лаціньнікам у духу і нават у вялікай меры і ў абрадзе, бо на справе ён заставаўся бірытуалістам, ён ня мог прызвычаіцца да сваіх новых абавязкаў – зрэшты чыста дэкаратыўных, бо ня меў ніякай юрысдыкцыі – і неўзабаве амаль зусім іх закінуў»15.
Гэтыя радкі ясна паказваюць: Дэрбіньі і ягоным блізкім супрацоўнікам “маленькі закон з цэнтрам у Друзе ў Літве” быў патрэбны толькі для аднаго – каб служыць іхным мэтам. Ім не было ніякай справы да таго, што гэта за закон і дзе ён знаходзіцца. Дарэчы, каб не палохаць расейцаў лацінскім імем “Францішак”, Бучыс пачаў ужываць сваё другое імя “Пётра”.
За тры гады да свайго біскупства, 6 красавіка 1927 году, Бучыс пісаў у камісію “Pro Russia” (або хутчэй у Кангрэгацыю для Ўсходніх Цэркваў, куды ўваходзіла тады гэтая камісія), што Матулевіч біскупам Віленскім, бліжэй уведаўшы беларусаў, якіх шмат жыло ў ягонай дыяцэзіі, «прыйшоў да перакананьня, што для навяртаньня расейцаў нашыя законьнікі-беларусы могуць быць больш прыдатным інструмэнтам, чым нашыя браты якой-колечы іншай нацыянальнасьці16. Таму, хоць наш закон меў ужо ў Польшчы навіцыят у Расьне, архібіскуп Матулевіч, з ласкавага дазволу Сьвятога Пасаду, заснаваў у Друі, што знаходзіцца ў Віленскай архідыяцэзіі, іншы навіцыят дзеля падрыхтоўкі беларусаў да іхнай асаблівай мэты (ad erudiendos alborussos ad finem eorum specialem)». Гэты ліст уздымае пытаньне, ці быў Матулевіч, калі засноўваў кляштар у Друі, поўнасьцю шчыры зь беларусамі. У сваім лісьце да Сьвятога Пасаду за 8 чэрвеня 1923 году ён прасіў дазволу заснаваць марыянскі кляштар і навіцыят «для беларусаў, у сваёй бальшыні схізматыкаў, якія да гэтага часу ня маюць сваіх законьнікаў, якія б займаліся справай іхнага навяртаньня і збаўленьня»17. У лісьце няма нават згадкі пра Расею і ейнае «навяртаньне». З другога боку, 19 красавіка 1926 году Матулевіч пісаў польскаму марыяніну Ўладзімеру Якоўскаму: «У пытаньні беларускім прашу не баяцца. Нашыя Польшчы напэўна не зашкодзяць. Яны галоўным чынам рыхтуюцца да місіяў у Расеі, чакаюць толькі зручнай хвіліны. Бог дасьць яе хутчэй, чым спадзяемся. У Польшчы застанецца іх толькі некалькі для абслугі парафіі і для падрыхтоўкі сілаў для Расеі»18.








All the contents on this site are copyrighted ©.