2006-06-03 10:24:53

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус


Хоць большасьць парафіянаў складалі беларусы, друйскія айцы ў вонкавых зносінах зь людзьмі ўжывалі беларускую мову вельмі абачліва, каб не гнявіць польскія ўлады. Так, заснаваная імі гімназія была польскай – беларуская мова не вывучалася ў ёй нават як прадмет. Паводле Тамаша Падзявы, аднаго зь першых вучняў гімназіі, айцец Цікота забараніў вучням размаўляць між сабою па-беларуску нават на перапынках. Падзява стараецца так апраўдаць гэтую забарону: «Мы спакойна прынялі выдадзеную ім (Цікотам. – А.Н.) забарону размаўляць на тэрыторыі гімназіі па-беларуску або па-жыдоўску, бо гэтая забарона была разумна ім абгрунтаваная i ўматываваная патрэбаю для нас практыкавацца ў польскай мове, якая ў многіх з нас была яшчэ далёка не дасканалай»8. У царкве ў нядзелі i сьвяты дзьве казані прамаўляліся на польскай мове, i толькі адна, на нешпарах (вячэрні), – па-беларуску. Між сабою айцы звычайна гутарылі па-беларуску. Айцец Віталіс Хамёнак, які навучаў рэлігіі дзяцей y пачатковых школах на тэрыторыі парафіі, часта карыстаўся беларускай мовай, бо дзеці польскай не разумелі. Але й гэтага было зашмат для польскіх дзяржаўных i царкоўных уладаў. Становішча пагоршылася ў 1925 годзе, калі Польшча падпісала канкардат (дамову) з Апостальскім Пасадам. Згодна з канкардатам, Віленскі біскуп узвышаўся да годнасьці архібіскупа, a Вільня сталася цэнтрам новай царкоўнай правінцыі (мітраполіі), y якую ўваходзілі, апрача Віленскай, дыяцэзіі Пінская i Ломжынская. На практыцы гэта азначала, што ў спрэчцы за Вільню між летувісамі i палякамі Сьвяты Пасад падтрымаў апошніх. Матулевіч апынуўся ў невыносным становішчы. У ліпені 1925 году біскуп Юрай папрасіў Сьвятога Айца звольніць яго. Просьбу задаволілі, а на месца Матулевіча прызначылі біскупа Яна Цепляка з Амэрыкі – той памёр, не даехаўшы да Вільні. Тады ў верасьні 1926 году Віленскі пасад заняў Рамуальд Ялбжыкоўскі (1876–1955) – паляк, які ад самага пачатку непрыхільна паставіўся да беларусаў i іх патрэбаў.
Беларускія айцы ў Друі неўзабаве адчулі новыя парадкі. Іхную прапанову ў канцы 1926 году пашырыць сваю пастырскую дзейнасьць сярод беларускага каталіцкага насельніцтва адкінулі. У 1929 годзе Ялбжыкоўскі прызначыў адмысловую камісію, каб разгледзець розныя “злачынствы” беларускіх марыянаў, y прыватнасьці справу сьвятара Юзэфа Бародзіча – той абвінаваціў марыянаў y спробе атруціць яго. Бародзіч паходзіў зь Віленскай дыяцэзіі, але ад 1912 году належаў да італійскай дыяцэзіі Вэнтымілья i жыў y горадзе Сан-Рэма. Штолета ён прыяжджаў на Віленшчыну, дзе зь ціхага дазволу вышэйшых царкоўных уладаў праводзіў кампанію ў абароне “польскіх крэсаў” – Бародзічу здавалася, што яны апынуліся ў небясьпецы. Прадметам асаблівых нападаў зь ягонага боку сталіся беларускія марыяне. У чэрвені 1929 году Бародзіч зрабіў спробу нібыта з дазволу царкоўных уладаў заснаваць y Друі новую царкву сьв. Антона, каб разбурыць парафію, якой кіравалі марыяне. Прыціснуты Цікотам, Ялбжыкоўскі мусіў прызнацца, што ніякага дазволу Бародзічу не даваў, i загадаў апошняму выехаць з Друі. Камісія сьцьвердзіла бязглуздасьць абвінавачаньняў Бародзіча, але адначасова выказала патрабаваньне зьмяніць беларускі характар Друйскага кляштару. Цяпер Ялбжыкоўскі атрымаў падставу дамагацца, каб друйскія марыяне прынялі ў свой кляштар двох польскіх законьнікаў. Такім чынам выявілася сапраўдная мэта біскупскай камісіі. Айцец Цікота добра разумеў гэта, калі пісаў генэралу марыянаў Бучысу, што адзінае злачынства, y якім яны прызнаюцца, – гэта іхная беларуская нацыянальнасьць. Увесну 1930 году друйскія марыяне, каб пазьбегнуць закалоту ў царкве, вырашылі спыніць казані на беларускай мове. Гэтае рашэньне ўхваліў польскі марыянін Казімер Бранікоўскі, якога ў пачатку 1930 году Бучыс паслаў y Друю «для расьсьледаваньня нацыяналізму друйскіх айцоў, паколькі ёсьць чуткі, што гэты нацыяналізм стварае закалот сярод друйскіх парафіянаў»9.
Увосень 1929 году ўлады звольнілі айца Віталіса Хамёнка з пасады настаўніка рэлігіі ў школах Друйскай парафіі. Яго заступіў сьвятар-паляк, які – чытаем у справаздачы Бранікоўскага – «адрабляе беларускі ўплыў а. Віталіса ў школах, гаворачы дзецям пра Польшчу, падбіраючы прыклады з рэлігійнага жыцьця Польшчы перад яе падзеламі»10.
Прыблізна ў тым самым часе беларускіх марыянаў у Друі аслабіла высылка некаторых іхных айцоў y Харбін на місіянерскую працу сярод расейцаў. Яны сталіся ахвярамі моднай тады палітыкі “навяртаньня Расеі”. Паводле прыхільнікаў гэтай палітыкі, пасьля хуткага правалу бальшавікоў (у чым яны не сумняваліся) Расейская Праваслаўная Царква застанецца слабой i здэмаралізаванай. Такім чынам, для Каталіцкай Царквы адкрыецца нагода пасунуць свае межы ўглыб Расеі. Галоўным прадстаўніком i ідэолягам гэтага духоўнага “паходу на Маскву” быў францускі езуіт, рэктар Папскага Ўсходняга Інстытуту ў Рыме, біскуп Мішэль Дэрбіньі (Michel d’Herbigny, 1880–1957), які карыстаўся даверам папы Пія XI. У 1925 годзе заснаваная адмысловая камісія “Pro Russia” (Для Расеі), перш як частка Кангрэгацыі для Ўсходніх Цэркваў, a ад 1930 году – як незалежная ўстанова, непасрэдна падпарадкаваная Сьвятому Айцу. Першым крокам да зьдзяйсьненьня свайго пляну Дэрбіньі, быццам новы Напалеон, стварыў фарпосты на землях, сумежных з Савецкім Саюзам. Адным з такіх фарпостаў быў езуіцкі кляштар y Альбэртыне каля Слоніму. Адначасова й справы ўсходняга (бізантыйскага) абраду ў Заходняй Беларусі, што знаходзілася тады ў межах Польскай дзяржавы, падпарадкавалі камісіі “Pro Russia”. Беларусы бачылі ў гэтым правал надзеяў на адраджэньне іхнай Вуніяцкай (Грэка-Каталіцкай) Царквы. Польскія ўлады таксама паставіліся да камісіі ад пачатку непрыхільна, бо ўважалі Беларусь сваёй «сфэрай уплываў» i не маглі дапусьціць русыфікацыі беларусаў праз... Ватыкан.
Другім прыцягнуў увагу камісіі “Pro Russia” Харбін, сталіца кітайскай правінцыі Манчжурыя. Трэцюю частку жыхароў гэтага паўмільённага гораду складалі расейцы, уцекачы ад камуністычнага рэжыму. Гэта была колькасна найбольшая кампактная расейская грамада за межамі Расеі. Расейская Праваслаўная Царква вызначалася добрай арганізацыяй: на чале яе стаяў архібіскуп, якому падпарадкоўваліся два біскупы i амаль 250 сьвятароў. Для Дэрбіньі Харбін уяўляўся сьпелай нівай, якая абяцала багаты ўраджай. Толькі б знайсьці працаўнікоў...








All the contents on this site are copyrighted ©.