2006-05-30 14:25:04

Пастырскі ліст Канфэрэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ( частка 1)


з нагоды 15-годдзя аднаўлення структуры

і адраджэння Каталіцкага Касцёла на Беларусі





Цябе, Бога, праслаўляем, Табе, Пане, хвала вечна

(Гімн падзякі: Te Deum Laudamus)





Дарагія браты і сёстры ў Хрысце!
У пятнаццатую гадавіну аднаўлення структуры і адраджэння Каталіцкага Касцёла на Беларусі мы звяртаемся да вас з пастырскім прывітаннем і напамінам пра найбольш важныя моманты нашай сучаснай гісторыі, сумеснымі творцамі якой праз справу Божага Провіду вы з’яўляецеся.
1. Пачынаючы з 1917 года, на працягу 70-ці гадоў на ўсходніх тэрыторыях і 50-ці гадоў на заходніх тэрыторыях Беларусі савецкі рэжым паслядоўна і бескампрамісна рэалізоўваў сваю атэістычна-матэрыялістычную праграму.
У выніку рэпрэсійных акцый савецкіх уладаў Каталіцкі Касцёл на Беларусі меў велізарныя страты сярод духавенства, а таксама былі знішчаны і забраныя шматлікія святыні і кляштары. З сапраўды шатанскай лютасцю пераследавалі тых, хто вызнаваў Бога і спрабаваў выконваць рэлігійныя практыкі. Гэта адбывалася пры адсутнасці ўмяшальніцтва Захаду ў абароне Касцёла і веруючых, якія пераследаваліся савецкім атэістычным рэжымам.
Але Касцёл на Беларусі, пазбаўлены адпаведных касцёльных структураў, церпячы і не раз сыходзячы крывёю, трываў — і выжыў.
І менавіта ў часы надыходзячых пераменаў у Еўропе Папа Ян Павел ІІ асаблівым чынам звярнуў свой позірк і сваё сэрца на жахлівы пераслед вернікаў на Беларусі. «Не бойцеся адчыніць дзверы Хрысту», — заклікаў ён.
2. У кастрычніку 1989 года ён прызначыў і кансэкраваў у Рыме біскупа, які — як Апостальскі Адміністратар — распачаў душпастырскую апеку над усімі католікамі на тэрыторыі Беларусі. Такім чынам Святы Айцец засведчыў прыгнечаным вернікам збаўчую памяць, запэўніў ратунак і дапамогу, распачаў працэс аднаўлення веры, Касцёла і рэлігійнага жыцця на Беларусі.
Ужо ў наступным годзе была адкрыта Вышэйшая духоўная семінарыя ў Гродне, якая да 2006 года выхавала і адукавала больш за сто святароў. Ва ўрачыстым святкаванні 10-годдзя дзейнасці гэтай семінарыі ўдзельнічаў арцыбіскуп Зянон Грахалеўскі, прэфект Кангрэгацыі па справах каталіцкага выхавання, духоўных семінарый і навуковых інстытутаў.
3. 13 красавіка 1991 г. Папа Ян Павел ІІ стварыў у межах Рэспублікі Беларусь Мінска-Магілёўскую Мітраполію, у склад якой увайшла Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Пінская і Гродзенская дыяцэзіі. У гэты ж дзень былі прызначаны два біскупы. Гэта была вельмі важная гістарычная падзея для Касцёла на Беларусі, гадавіну якой мы якраз адзначаем.
4. Тым часам адбыўся распад Савецкага Саюза і стварэнне незалежнай Рэспублікі Беларусь. Спыніліся яўныя пераследванні Касцёла і вернікаў, усталявалася прынамсі адносная рэлігійная свабода.
Насталі гады інтэнсіўнага, поўнага энтузіязму і ахвярнасці ўдзелу духавенства і Божага народа ў адраджэнні Касцёла і аднаўленні рэлігійнага жыцця на Беларусі. Было пабудавана некалькі дзесяткаў новых касцёлаў на месцы тых, што былі цалкам разбураныя, была адрэмантавана значна большая колькасць святыняў, якія былі вернутыя, але моцна спустошаныя ці перабудаваныя для свецкіх мэтаў.
Вялікую дапамогу ў гэтай працы аказала новаствораная Арцыбіскупская будаўнічая рада. Дасягненні ў будаўніцтве дазволілі яшчэ больш скіраваць душпастырскую працу на развіццё ўнутранага Касцёла ў чалавечых душах.
5. Пазітыўныя вынікі аднаўлення з’явіліся дзякуючы актыўнай працы мясцовых святароў, законніц і Божага народа, а ў значнай ступені дзякуючы ахвярнай інвестыцыйнай і душпастырскай дзейнасці святароў і сясцёр законных, якія прыбылі з Польшчы на дапамогу. У гэтае аднаўленне ўключыліся цэнтры катэхетычнай фармацыі ў Гродне і Баранавічах, а таксама каталіцкія выданні, якія пачалі выдавацца ў Мінску, Гродне і Баранавічах. Значны ўклад у гэта зрабілі выдавецтвы «Pro Christo» ў Мінску і дыяцэзіяльнае выдавецтва ў Гродне.
На працягу гэтых 15 гадоў у значнай ступені былі навярстаны тыя вялікія страты, якія Касцёлу на Беларусі былі нанесены за час пераследу з боку атэістычна-матэрыялістычнай савецкай сістэмы.
6. Пазіцыя Касцёла на Беларусі настолькі ўзрасла, што ён здабыў аўтарытэт, павагу і прызнанне не толькі сярод веруючых людзей, але нават сярод тых, хто яшчэ 15 гадоў таму назад прыкладаў усялякія намаганні, каб цалкам яго знішчыць.
Мінскі архікатэдральны касцёл — вернуты католікам, адбудаваны і рэкансэкраваны 21 кастрычніка 1997 года з удзелам Папскага легата кардынала Эдмунда Шокі — стаў бачным і красамоўным знакам Каталіцкага Касцёла на Беларусі, які адраджаецца.
7. У перыяд аднаўлення Касцёла на Беларусі мелі месца разнастайныя ўхвалы і падзеі, якія ўсё больш выразна і канкрэтна фармуюць аблічча тутэйшага партыкулярнага Касцёла ў паасобных дыяцэзіях.
У лістападзе 1992 года адбылося наладжванне дыпламатычных адносінаў паміж Апостальскай Сталіцай і Рэспублікай Беларусь.
26 лістапада 1994 года Папа Ян Павел ІІ паклікаў у склад Калегіі кардыналаў Арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага. Тым часам у 1998–1999 гадах адбылося далейшае папаўненне іерархіі ў структуры Касцёла на Беларусі. Менавіта былі прызначаны тры дапаможныя біскупы і адзін біскуп ардынарый у новайстворанай Віцебскай дыяцэзіі. 28 лістапада 1998 г. была заснавана Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, старшынёй якой быў абраны Арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.
Адбыліся ўжо два візіты Ad limina Apostolorum біскупаў з Беларусі ў Апостальскую Сталіцу. Красамоўнымі былі словы Святога Айца, з якімі ён звярнуўся да біскупаў 7 красавіка 1997 г.: «Езус Хрыстус перамог свет, з Ім і вы ўжо з’яўляецеся пераможцамі», а таксама 11 лютага 2003 г.: «Дзякуючы Богу гэты суровы перыяд скончыўся і ўжо на працягу некалькіх гадоў адбываецца рашучае, натхнёнае аднаўленне».
8. Каталіцкі Касцёл на Беларусі ў параўнанні з Праваслаўнай Царквой складае меншасць па канфесійнай колькасці вернікаў. З боку Каталіцкага Касцёла пастаянна праяўляецца добрая воля ў накірунку падтрымання ўзаемнага кантакту Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы ў духу экуменізму.








All the contents on this site are copyrighted ©.