2006-05-27 10:40:54

Вось чарговыя радкі з нашага цыклу: "Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус


Пачатковую адукацыю Чэслаў атрымаў y роднай Дзедзінцы. Вось што ён піша сам пра сваю першую школу: «Помню, y 1921 г. зладзілі школу. Ведама, мела яна быць польская. Ніхто аднак y ёй не гаварыў па-польску. Усе дзеці, якімі былі ў хаце – такімі i ў школе; гаварылі па-беларуску. Было двух цыганкоў-барцоў, i тыя скора да нас датасаваліся. Вучыцялі гэтаму не супраціўляліся – раз, што не маглі, a другое, што менш было тады яшчэ ў ix шавінізму»2. Дзедзінская школа, відаць, мела толькі пачатковыя клясы, i Чэславу давялося працягваць навуку ў народнай (“паўшэхнай”) школе ў Друі за нейкіх дзесяць кілямэтраў ад Дзедзінкі. Там ён упершыню сутыкнуўся зь беларускімі законьнікамі-марыянамі, якія ў 1924 годзе адкрылі ў Друі свой кляштар, a пры кляштары – польскую гімназію імя Сьцяпана Батуры. Гімназія была прыватная, i бацькі за навуку сваіх дзяцей мусілі плаціць. Кошт навучаньня залежаў ад таго, ці дзеці паходзілі зь сем’яў Друйскай парафіі. Бедныя сем’і маглі адрабляць за навуку сваіх дзяцей працаю ў кляштары. Хадзілі ў гімназію і дзеці друйскіх габраяў, але ім даводзілася плаціць яшчэ больш. Вучні з далёкіх вёсак жылі ў інтэрнатах: хлопцы – у кляштары айцоў марыянаў, a дзяўчаты – y сёстраў закону эўхарыстак, заснаванага блаславёным Юр’ем Матулевічам.
Схільнасьць да сьвятарства, паводле сьведчаньня самога Сіповіча, зьявілася ў яго вельмі рана. У лістападзе 1928 году ён зрабіў канчатковы выбар свайго жыцьцёвага шляху, паступіўшы ў друйскі марыянскі “ювэнат” – нешта падобнае на манастырскую “малую сэмінарыю” для кандыдатаў у закон. Хлопцы ў ювэнаце працягвалі вучыцца, але адначасова прызвычайваліся да законных парадкаў, удзельнічалі ў супольных малітвах i працы ў кляштары (безумоўна, улічвалася, што яны былі зусім маладога веку, дый навука i адпачынак вымагалі часу). Сіповіч правёў першы год ювэнату ў падрыхтоўцы да гімназіі, куды паступіў увосень 1929 году3.
Думка пра беларускі кляштар y Друі нарадзілася ў блаславёнага Юр’я Матулевіча (1871–1927), біскупа Віленскага ад 1918 да 1925 году. Сам нацыянальна сьведамы летувіс, ён правёў амаль усё сваё жыцьцё ў Польшчы, дзе здабыў павагу як узорны сьвятар, поўны апостальскай рупнасьці, але і зацікаўлены ў сацыяльных пытаньнях. У 1909 годзе ён таемна ўступіў y закон марыянаў. Той стаяў на парозе выміраньня, бо царскі ўрад забараняў браць новых кандыдатаў y каталіцкія манаскія законы. Абраны галоўным, або генэральным, кіраўніком закону (звычайна яго звалі “айцом генэралам” ці проста “генэралам”4), Матулевіч аднавіў яго, даў яму новую канстытуцыю i заснаваў навіцыят (паслушэнства) y Фрыбургу ў Швайцарыі, далёка ад вачэй царскай выведкі. Пасьля адступленьня расейскай арміі ў 1915 годзе марыяне пачалі адкрыта працаваць y Польшчы i Летуве. У 1918 годзе Сьвяты Айцец прызначыў Матулевіча Віленскім біскупам. Горад Вільня быў косткай нязгоды між Летувой i Польшчай i ўрэшце стаў часткаю апошняй. Матулевіч апынуўся ў вельмі далікатным становішчы. Чалавек Божы, далёкі ад усялякай палітыкі, ён хацеў быць пастырам i бацькам для ўсіх сваіх вернікаў, незалежна ад нацыянальнасьці. На жаль, праз сваю летувіскасьць ён падазрона выглядаў y вачох польскіх уладаў i шавіністычна настроенага польскага духавенства. Асабліва злавала палякаў стаўленьне Матулевіча да беларусаў – найбольшай часткі вернікаў у Віленскай дыяцэзіі. Згодна з польскай палітыкай, беларусаў належала асыміляваць, i Каталіцкай Царкве адводзілася ў гэтай справе важная роля. Валерыян Роман, прадстаўнік польскага ўраду на Віленшчыне, y 1923 годзе пісаў, што Каталіцкая Царква – наймагутнейшы фактар «здабываньня для польскасьці каталіцкіх масаў “тутэйшага” насельніцтва, гэта значыць зь нявызначаным пачуцьцём сваёй нацыянальнасьці»5. Зразумела, Матулевіч ня мог згадзіцца, каб Царкву выкарыстоўвалі дзеля нацыяналістычных мэтаў. Аднак ён ня меў улады забараніць апалячваньне, a ягоныя спробы задаволіць духоўныя патрэбы беларускіх вернікаў выклікалі з боку палякаў абвінавачаньні ў падтрымцы “беларускага нацыяналізму”. Пасьля ягонай адстаўкі ў 1925 годзе сябры Віленскай капітулы – польскія сьвятары на чале зь вікарным біскупам Міхалькевічам – зрабілі ў кнізе пратаколаў наступны запіс пад назваю “Rządy diecezjalne J. E. Księdza Biskupa Jerzego Matulewicza” (Кіраваньне дыяцэзіяй Я. Э. Айца Біскупа Юр’я Матулевіча): «Кожны адчуваў y біскупе столькі мудрасьці i яснага розуму, столькі спагады i супакою, столькі разуменьня ўва ўсім i сардэчнасьці, што адыходзіў з уражаньнем незвычайнага духу вялікага чалавека. Колькі ж біскуп Матулевіч пры такіх выдатных якасьцях розуму i сэрца мог бы зрабіць y нашай дыяцэзіі, калі б ня гэты няшчасны летувіскі i беларускі шавінізм»6.
Ня ў сілах змагацца з шавінізмам польскіх сьвятароў i варожасьцю польскай адміністрацыі, Матулевіч вырашыў заснаваць беларускі рэлігійны асяродак – кляштар беларускіх айцоў марыянаў. Ягоным дбаньнем y траўні 1924 году афіцыйна адчыніўся кляштар беларускіх марыянаў y Друі. Першым супэрыёрам (кіраўніком) новазаснаванага кляштару стаў айцец Андрэй Цікота (1891–1952), узорны сьвятар i здольны адміністратар. Неўзабаве да яго далучыліся іншыя сьвятары, сярод ix – айцец Язэп Германовіч (1890–1978), вядомы беларускі паэт i любімы настаўнік Чэслава Сіповіча. Марыяне таксама апекаваліся Друйскай парафіяй, якая абымала, апроч самога гораду, некалькі суседніх вёсак. Кляштарная царква Сьвятой Тройцы была адначасова i парафіяльнай. На пачатку 1930 году парафія налічвала 5024 вернікі, зь ix 3274 – беларусы, 1163 – “беларусы, якія ўважалі сябе за палякаў”, 346 – палякі, 206 – жаўнеры польскай пагранічнай аховы, 34 – летувісы, 3 – латышы i 2 – расейцы7.








All the contents on this site are copyrighted ©.