Распачаўся візыт Святейшага Айца Бенедыкта XVI° на радзіму яго папярэдніка на пасадзе
святога апостала Пятра Яна Паўла II. У 8.40 сярэднееўрапейскага часу самалёт італьянскай
авіакампаніі “Аліталія” з Папам Бенедыктам XVI° на борце выляцеў з Рыму. А 11 гадзіне
Высокі госць прыбыў у сталіцу Польшчы. У сталічным аэрапорце яго сустракаў Прэзідэнт
Польшчы спадар Лех Качыньскі з сужонкай, палітычныя дзеячы краіны, найвышейшыя царкоўныя
дастойнікі, сярод якіх арцыбіскуп Варшаўскі кардынал Юзеф Глемп, арцыбіскуп Кракаўскі
кардынал Станіслаў Дзівіш, Старшыня біскупскай канфярэнцыі Польшчы арцыбіскуп Юзеф
Міхалік, Апостальскі нунцый арцыбіскуп Юзеф Ковальчык і іншыя. Пасля выканання
гімнаў Ватыкана і Польшчы, Прэзідэнт Качыньскі звярнуўся да Свяцейшага Айца з прывітальнай
прамовай. У самым пачатку сваёй прамовы Бенедыкт XVI° зазначыў, што ён вельмі жадаў
здзейсніць гэты візыт на радзіму яго папярэдніка, Слугі Божага Яна Паўла II°. “Я прыехаў
сюды, каб наведаць месцы, злучаныя з яго доўгім жыццёвым шляхам ад гадоў юнацтва да
ад’езду на славуты канклаў 1978 года. Я, - працягнуў Папа, - у гэтым падарожжы жадаю
спаткацца і лепей пазнаць пакаленні вернікаў, якія прапанавалі Яна Паўла II служэнню
Богу і Царкве, якія нарадзіліся і выраслі ў Пане пад яго святарскай пастырскай апекай
у якасці біскупа і Папы. Наша супольнае падарожжа пройдзе пад дывізам “Заставайцеся
моцнымі ў веры””. У далейшай частцы сваёй прамовы Папа, звяртаючыся да спадара
Прэзідэнта, прысутных царкоўных дастойнікаў і ўсіх братоў і сясцёр у Хрысце, падзякаваў
за сардэчны прыём і прывітаў таксама сустракаючых яго Першага міністра Польшчы і членаў
ураду, прадстаўнікоў Парламента і Сэната, членаў дыпламатычнага корпуса на чале з
яго Дэканам, Апостальскім нунцыям. Далей Бенедыкт XVI° зноў звярнуўся да асобы
Яна Паўла II° і да яго пастырскага служэння. Свяцейшы Айцец падкрэсліў, што жадаючы
наведаць месцы, злучаныя з жыццём свайго папярэдніка, ён вырашыў затрымацца перад
усім у двух гарадах, блізкіх сэрцу Яна Паўла II°: у сталіцы Польшчы, Варшаве, і ў
Кракаве, арцыдыяцэзію якога ўзначальваў нябожчык. “У Варшаве, - сказаў Папа, я спаткаюся
са святарамі, з прадстаўнікамі “некаталіцкіх” Цэркваў і царкоўных грамадаў, а таксама
з прадстаўнікамі ўраду”. Папа выказаў надзею, што гэтыя спатканні дадуць плён нашай
агульнай веры ў Хрыста, для сацыяльнай і палітычнай рэчаіснасці ў якой жывуць сучасныя
мужчыны і жанчыны. Адразу ж пасля прывітальнай цэрымоніі Бенедыкт XVI°, у суправаджэнні
ганаровага картэжа, накіраваўся сваім самаходам (званым “Папамобіле”) у сталічную
катэдру, дзе сустрэўся з польскімі святарамі, сярод якіх былі і беларускія біскупы
на чале з кардыналам Казімірам Свёнтэкам, а таксама арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
з Масквы. На пачатку спаткання, якое пачалося ў 12.40 польскага часу блаславенствам
Папы ўсіх прысутных, Высокага госця ад імя ўсіх палякаў прывітаў Прымас Польшчы, кардынал
Юзэф Глемп. Сваю прамову да сабраных у Варшаўскай катэдры святога Яна, дзе, дарэчы,
як зазначыў у сваёй прамове кардынал Глемп, была падпісана першая Еўрапейская канстытуцыя,
Свяцейшы Айцец пачаў словамі з ліста апостала Паўла да рымлянаў: “Найперш дзякую Богу
майму праз Езуса Хрыста за ўсіх вас… Я прагну бачыць вас, каб надаць вам штосьці ад
ласкі духоўнай і падмацаваць вас. Гэта значыць суцешыцца супольна з вамі гэтай верай,
вашаю і маёю” (Рым 1, 8-12). “З гэтымі словамі апостала Паўла, - зазначыў Папа,
- я звяртаюся да вас, шаноўныя святары, бо лічу, што ў іх выдатна адлюстроўваюцца
мае сёняшнія пачуцці і думкі, жаданні і малітвы”. Потым Свяцейшы Айцец павіншаваў
кардынала Глемпа, які менавіта 25 траўня адзначае 50-годдзе свайго святарскага служэння. “Я,
- сказаў Бенедыкт XVI°, - прыехаў у Польшчу, на радзіму майго вялікага папярэдніка
Яна Паўла II°, каб адчуць – як ён гэта заўсёды рабіў – атмасферу веры ў якой вы жывеце
і “надаць вам штосьці ад ласкі духоўнай і падмацаваць вас”. Я веру, што гэта мая пілігрымка
ўмацуе нашу агульную веру. У далейшай частцы сваёй прамовы Свяцейшы Айцец зазначыў,
што прысутныя, абраныя для служэння Хрысту ў гэтым новым тысячагоддзі, былі абраныя
з народа, натхнёныя Божымі рэчамі, каб прапанаваць дары і ахвяры за грахі. “Майце
веру ў ваша святарства!”, - заклікаў Папа прысутных святароў. Бо вы дзейнічаеце не
ад уласнага імя, але ад імя Хрыстуса, які пажадаў выкарыстаць вашы губы і вашы рукі,
ваш дух і вашы таленты. Далей Бенедыкт XVI° звярнуў увагу на важнасць пастырскага
служэння ў сучасным свеце і аб яго асаблівасцях у Польшчы ў часы панавання таталітарнага
рэжыму. Папа звярнуў таксама ўвагу на важнасць пастырскай працы сярод шматлікіх палякаў,
якія пакінулі Радзіму і жывуць на чужыне. Свяцейшы Айцец не пакінуў без увагі і той
факт, што шмат польскіх святароў і законнікаў служаць па-за Польшчай не толькі сваім
суайчыннікам, але і іншым вернікам. Напрыканцы спаткання з польскімі святарамі
Папа зноў паўтарыў дэвіз сваёй пілігрымкі: “Быць моцнымі ў веры!” “Калі вы жывеце
ў веры, - сказаў Бенедыкт XVI°, - Святы Дух падскажа вам, што вы павінны казаць і
як павінны служыць. Вы заўсёды можаце разлічваць на дапамогу таксама Той, што вядзе
Царкву ў веры. Заклікаю вас звяртацца да Яе заўсёды са словамі, якія вы добра ведаеце:
“Мы абок Цябе, мы памятаем аб Цябе”. Пасля кароткай малітвы каля труны славутага
кардынала Стэфана Вышынскага і блаславенства, якім скончылася спатканне Свяцейшага
Айца з польскімі святарамі, Папа накіраваўся на абед у арцыбіскупскі палац, што знаходзіцца
на вуліцы Мядоваў у цэнтры Варшавы. Потым Бенедыкт XVI° паехаў у Апостальскую нунцыятуру
на адпачынак, а ўжо перад 6 гадзінай вечара сярэднееўрапейскага часу ён нанёс візыт
ветлівасці Прэзідэнту краіны Леху Качыньскаму, пад час якога яны размаўлялі прыватным
чынам і абмяняліся падарункамі. А ўжо а 19 гадзіне сярэднееўрапейскага часу Свяцейшы
Айцец прыбыў у лютэранскую кірху Варшава для экуменічнага спаткання з прадстаўнікамі
розных хрысціянскіх “некаталіцкіх” грамадаў Польшчы, але аб гэтым мы паведамім вам
у нашай заўтрашняй праграме.