2006-05-19 07:23:13

Патрыярх Барталамей I наведаў Фларэнцыю.


Упершыню пасля Фларэнційскага сабора, які праходзіў у 1437-1439 гадах, Канстантынопальскі Патрыярх наведаў Фларэнцыю. Яго Святасць Барталамей I тры дні правёў у галоўным горадзе Тасканы. Ён быў прыняты арцыбіскупам Энніо Антанеллі. 13 траўня Барталамей I цэлебраваў вячэрню па праваслаўнаму рыту ў старажытным касцёле Фларэнцыі Санта Марыя дел Фьоре.
З гэтай нагоды былі выстаўленыя святыя рэліквіі, якія захоўваюцца ў згаданым касцёле. Гэта фрагменты рэшткаў святога Яна Хрыстіцеля, апостала Філіпа, Яна Залатавуснага і апостала Андрэя Першапакліканага.
14 траўня Патрыярх Барталамей I узначаліў нядзельную літургію ў царкве св. Якава над Арно – новым прыходзе, заснаваным у Фларэнцыі Канстантынопальскай Праваслаўнай Царквой.
У былым каралеўскім палацы “Пітті” высокаму госцю была ўручана прэмія Галілея за мір. Гэта падзея адбылася ў рамках мэжрэлігійнага спаткання “Фларэнцыя – горад міратворцаў”. На цэрымоніі ўручэння прэміі прысутнічаў кардынал Антанеллі, армянскі епіскап Вікенцій Айказян з ЗША, французскі рабін Рэнэ Самюэль Сір, віцэ-прэзідэнт Канфярэнцыі еўрапейскіх рабінаў Iльбер Ортайлі.
Як мы ўжо паведамлялі, па запрашэнню Патрыярха Барталамея I і турэцкіх уладаў Свяцейшы Айцец Бенедыкт XVI на прыканцы лістапада бягучага года наведае Стамбул.







All the contents on this site are copyrighted ©.