2006-05-16 13:37:34

Новае выданне Біблійнага таварыства Украіны з нагоды 20 гадавіны Чарнобыльскай аварыі.


У бягучым годзе, калі адзначаецца 20 гадавіна з моманту трагедый на Чарнобыльскай АЭС, Біблійнае таварыства Украіны вырашыла ажыццявіць дабрачынны праект, увага якога будзе накіравана на дзяцей-інвалідаў, што пацярпелі ў выніку аварыі. Аб гэтым паведаміў галоўны менеджэр аддзела знешніх сувязяў Украінскага Біблійнага таварыства спадар Анатоль Райчнет пад час спаткання з пастарамі хрысціянскіх цэркваў у Паўднёвым рэгіянальным Біблійным таварыстве ў Херсоне. Спецыяльна для згаданай катэгорыі украінскіх дзяцей будзе выдана новае, вельмі якаснае выданне дзіцячых Біблій.
Ужо тры гады запар хрысціянскія Цэрквы Украіны адзначаюць Дзень Бібліі ў апошнюю нядзелю кастрычніка. I кожны год пад час гэтага святкавання Біблійнае таварыства краіны звяртае ўвагу грамадства на пэўныя групы людзей з асаблівымі патрэбамі, і атрыманыя ў выніку гэтага дабрачынныя ахвяраванні накіроўваюцца на спецыяльныя выданні менавіта для іх патрэбаў.
Напрыклад, у 2003 годзе Біблійнае таварыства правяло дабрачынную акцыю, у выніку якой былі надрукаваныя і распаўсюджаныя па інтэрнатах дзіцячыя Бібліі для дзяцей-сірот. У 2004 годзе ўвагу надалі сляпым дзецям, для іх былі падрыхтаваныя біблійныя гісторыі шрыфтам Брайля.
У мінулым годзе акцыя была накіравана на людзей сталага ўзросту, якія знаходзяцца ў дамах для састарэлых. Пасля збору дабрачынных ахвяраванняў пад час гэтай акцыі Біблійнае таварыства Украіны надрукавала два спецыяльных выдання – “Псалтыр” і “Эвангелле ад Лукі” вялікім шрыфтам.
Як паведаміў дырэктар Паўднёвага рэгіянальнага Біблійнага таварыства Аляксандр Бабійчук, было падрыхтавана 25 тысяч экзэмпляраў абодвух выданняў і іх ужо пачалі распаўсюджваць па шпіталях, дамах для састарэлых і іншых спецыялізаваных установах.








All the contents on this site are copyrighted ©.