2006-05-16 14:10:51

З нашага цыклу "Пад знакам Ісуса" (№ 14)


У папярэдняй гутарцы мы расказвалі аб станаўленні Хрысціянства, як самастойнай, адметнай ад юдаізма рэлігіяй. Было здабыта ўласнае Святое Пісьмо, а дзеля таго, каб зацьвердзіцца, у нетрах Хрысціянства былі створаны асабістыя сімвалы. Мы ўжо адзначалі, што пасля 70-га года, пасля паразы паўстання, калі Ерусалім быў захоплены і спалены рымскімі войскамі, ён ужо перастаў быць цэнтрам новай веры, хаця хрысціяне часам сумна ўзгадвалі аб Святым горадзе. З тае пары шляхі Юдаізма і Хрысціянства разыйшліся канчаткова. Як ерэтыкам, хрысціянам з юдэяў быў забаронены ўваход у сінагогі. У сваю штодзённую малітву, складзеную з 18-ці прашэнняў юдэяў, пасля 70-га года юдэі дабавілі яшчэ адно, накіраванае супраць “язычнікаў” – “паслядоўнікаў навукі Назарэя”, гэта значыць хрысціянаў. Хрысціяне, са свайго боку, сурова крытыкавалі “сыноў Абрамавых”, за нежаданне прыняць Добрую Навіну як збавенне. Апосталы Ян і Лука ў сваіх Евангеллях гаварылі аб юдэях, як аб нечым пабочным. Усё глыбей станавілася пропасць падзяляючая дзве рэлігіі.
Змешаных юдахрысціянскіх суполак асабліва шмат было ў Юдэі, Галілеі, сярод набаційцаў, (гэта землі сёняшняга Ізраіля), у горадзе Эдэсса (сёняшняя Турцыя), у горадзе Адыабена (цяпер гэта Ірак) і ў Вавілоніі. Некаторыя з іх спрабавалі захаваць самыя старажытныя традыцыі. Яны мелі свае святыя тэксты на старажытнасірыйскай мове, жылі па сваім асабістым правілам, намаючыся сумяшчаць вернасць юдэйскаму закону з верай у Ісуса Хрыста. Аднак гісторыя адпусціла ім невялікі тэрмін, і хутка яны ператварыліся ў пабочныя групы асноўнага хрысціянскага руху. У канцы ІV стагоддзя, па сведчанні Святога Ераніма, яны яшчэ існавалі ў Сірыі, але поўнасцю страцілі сваю самабытнасць да VІ стагоддзя.
З гадамі станавілася ўсё меньш і менньш людзей, які маглі б спасылацца на тое, што бачылі і чулі Ісуса і яго вучняў. На 70-я гады ад Нараджэння Хрыстова прыходзіцца заканчэнне першага пакалення апосталаў, з якіх толькі Ян памёр у глыбокай старасці. Як можна было захаваць праўду Навукі па меры аддалення ад вытокаў і адзінства веры, калі суполкі ўзніклі ва ўсіх правінцыях Рымскай імперыі? Пачынаючы з 70-х гадоў хрысціянству прыйшлося шукаць адказ на гэтае пытанне. І адказ быў знойдзены: аўтарытэт вуснага падання аб Навуке Хрыста, яго дзеях і пакутах павінны былі замяніць запісы святых тэкстаў. У 68-годзе ў Рыме было скончана Евангелле ад Марка, а ў перыяд з 80-га па 100-ы год – Евангеллі паводле Мацьвея, Лукі і Яна. Яны былі напісаны ў Рыме, Эфесе і Сірыі, што яшчэ раз сведчыць аб шырокім распаўсюджванні хрысціянства. Святое Пісьмо дазваляла хрысціянам, раскіданым па вялізарнай Рымскай імперыі, захаваць жывую памяць аб вытоках сваёй веры. Акрамя Евангелляў, шырокае распаўсюджванне атрымалі пасланні апосталаў.
У першую чаргу трэба адзначыць пасланні апостала Паўла. Яны перадаваліся ад адной суполкі да другой і таксама служылі асновай Навукі.
У сваёй місійнай дзейнасці апосталы абапіраліся на дапамогу паплечнікаў. Яны выконвалі сваю частку місіі, забяспечваючы такім чынам пераемнасць пакаленняў. А суполкі раслі, набывалі структуру, прыцягвалі новых вернікаў. Вучні беражна захоўвалі апостальскія паданні і працягвалі развіваць гэтую традыцыю ў асабістых пасланнях.
Яшчэ трэба адзначыць праблему, якая застаецца важнай і ў нашы часы, а менавіта праблему мовы. Сапраўднай мовай святых пісанняў заўсёды лічылася старажытнагабрэйская. Аднак ў стварэнні Бібліі вялікую ролю адыгралі і дзве іншых мовы – арамейская і грэцкая. Усе яны стваралі тры культавыя асяродкі, якія часам, як у Юдэі, накладваліся адзін на другі. Хрысціяне карысталіся ўсімі трыма мовамі. У Сірыі і Вавілоніі маліліся на арамейскай мове. Біблія была перакладзена таксама на старажытнасірыйскую мову, дыялект арамейскай, а калі з’явіўся пераклад на грэцкую, яна змагла пранікнуць у самыя аддаленыя куткі Рымскай імперыі. Старажытнагабрэйская мова, якой карысталіся толькі равіны, стала малаўжывальнай. А вось лацінская мова хутка заваёўвала ўзбярэжжа Паўночнай Афрыкі. У Рыме багаслужбы на гэтай мове пачалі правадзіць да 230-га года, і ў ІІІ стагоддзі з’яўляецца лацінскі пераклад Бібліі. У Егіпце яе пераклалі на коптскую мову.
На пачатку нашых гутарак мы казалі, што ў 1947 годзе на беразе Мёртвага мора, у Кумране, былі знойдзены так званыя “рукапісы Мёртвага мора”, дзе былі тэксты Старога Запавету, рукапісы блізкія да біблейскай тэматыцы і дакументы, што належалі суполцы ессеяў. Сярод рэчаў знойдзеных у Кумране былі і сціласы, чарнільніца, падстаўка для пісьма, якія далі ўяўленне аб тэхніцы пісьма таго часу. На пачатку новай эры самым распаўсюджаным матэрыялам для пісьма быў папірус.
Па сведчанні рымскага гісторыка ІІ стагоддзя Плінія Старэйшага, яго ў асноўным прывозілі з Егіпта, хаця папірус сустракаецца і ў Сірыі. На змену крохкаму папірусу пазней прыходзіць спецыяльна апрацаваная скура жывёлы. Світкі з яе і былі знойдзены ў Кумране. Вымачаная ў растворы вапны, выскабленая і разглажаная, скура ператваралася ў пергамент (ад грэцкага слова pergamenos). У першыя стагоддзі ад нараджэння Хрыстова пачалі замяняць світкі аркушамі, складзенымі ў выглядзе сшытка. Так нарадзіўся на свет старажытны рукапіс, правобраз нашых кніг. У юдэяў світкі захаваліся да VІІ стагоддзя, у хрысціян распаўсюджваліся рукапісы.
Прыкладам можа служыць так званы “Сінайскі кодэкс”, самы старажытны рукапіс, які быў знойдзены ў манастыры Святой Кацярыны на гары Сінай. А самы старажытны з хрысціянскіх папірусаў датаваны 125 годам, у ім змешчана некалькі радкоў з Евангелля ад Яна і напісаны яны на старажытнасірыйскай мове.







All the contents on this site are copyrighted ©.