2006-05-15 15:58:37

Старонкі з Кампендіума сацыяльнай дактрыны Каталіцкай Царквы.


70 Гэта права ёсць у той жа час і абавязкам, бо Царква не можа адмовіцца ад яго не задрадзіўшы сабе і не парушыўшы вернасці Хрысту: “Гора мне, калі не абвяшчаю Добрую навіну!” (1 Кар 9, 16). Перасцярога, якую святы Павел накіроўвае да самога сябе, гучыць у сумленні Царквы як заклік прайсці ўсе шляхі эвангелізацыі: не толькі тыя, што вядуць да сумлення асобнага чалавека, але і накіраваныя да грамадскіх устаноў. З аднаго боку, не трэба “абмяжоўваць рэлігійныя рэчы рамкамі прыватнага жыцця”; з іншага боку, немагчыма зводзіць хрысціянскую вестку да прапаведвання выключна аб збаўленні пасля смерці, якое не здольнае праліць святло на наша знаходжанне на зямлі.
З-за грамадскай важнасці Эвангелля і веры, з-за руйнуючых наступстваў несправядлівасці, значыць граха, Царква не можа заставацца абыякавай да падзеяў у грамадстве: “задача Царквы – абвяшчаць заўсёды і паўсюль маральныя прынцыпы – у тым ліку і тыя, што маюць дачыненне да сацыяльнага парадка – і тым самым даваць сваё меркаванне аб любой чалавечай справе, калі таго патрабуюць асноўныя правы асобы ці збаўленне душы”.
II. Прырода сацыяльнай навукі
а) Веды, асвячаныя верай
72 Сацыяльная навука не была пачаткова задумана як нейкая сістэма, але складалася паступова, пад час шматлікіх выступаў Настаўніцтва на сацыяльныя тэмы. Вось чаму ўзнікалі некаторыя розныя меркаванні адносна натуры, метадаў ды эпістэмалагічнай структуры сацыяльнай навукі Царквы. Канчатковае тлумачэнне, якому папярэднічаюць важнейшыя заўвагі ў “Labores exercens”, папярэднічалі важнейшыя нататкі, змешчаныя ў Энцыкліцы “Sollicitudio rei socialis”: сацыяльная навука Царквы “належыць… не да галіны ідэялогіі, але да галіны тэалогіі, а дакладней, да маральнай тэалогіі”. Гэту навуку нельга акрэсліць у адпаведнасці з сацыяльна-эканамічнымі параметрамі. Сацыяльная навука Царквы – не ідэалагічная ці прагматычная сістэма, накіраваная на тое, каб акрэсліць эканамічныя, палітычныя і сацыяльныя адносіны і звесці іх разам, але самастойная катэгорыя: яна “дакладна формулюе, у святле веры і царкоўнай традыцыі, вынікі ўважлівага разважання над складанай рэчаіснасцю чалавечага існавання ў грамадстве і ў міжнародным кантэксте. Яе галоўная мэта – тлумачыць гэтую рэчаіснасць, даследуючы, у якой ступені яна адпавядае эвангельскай навуцы аб чалавеку і аб яго земскім і, адначасова, трансцэндэнтным пакліканні, каб накіроўваць такім чынам хрысціянскія паводзіны.
73 Такім чынам, сацыяльная навука Царквы мае богаслоўскую натуру, дакладней, богаслоўска-маральную; “размова ідзе аб навуцы, накіраванай на тое, каб кіраваць паводзінамі людзей”: “Яна знаходзіцца на перакрыжаванні хрысціянскага жыцця і сумлення з сітуацыямі ў свеце і выяўляецца ў тых намаганнях, якія прыкладаюць асобныя людзі, семьі, дзеячы культуры і грамадскія дзеячы, палітыкі, дзяржаўныя чыноўнікі, каб здзейсніць яе ў гісторыі”. Фактычна, сацыяльная навука адлюстроўвае тры ўзроўні богаслоўска-маральнай навукі: асновапалягаючы ўзровень матывацый; дырэктыўны ўзровень нормаў сацыяльнага жыцця; узровень прыняцця рашэнняў, на якім дзейнічае сумленне, закліканае ўжываць аб’ектыўныя і агульныя нормы да канкрэтных і асобных сацыяльных сітуацый. Гэтыя тры ўзроўні ў пэўным сэнсе акрэсліваюць таксама ўласны метад і спецыфічную эпістэмалагічную структуру сацыяльнай навукі Царквы.
74 Асноўны фундамент сацыяльнай навукі – біблійнае Адкрыццё і Паданне Царквы. З гэтай крыніцы, дадзенай Провідам, сацыяльная навука чэрпае натхненне і святло, каб разумець, судзіць і накіроўваць чалавечы вопыт і гісторыю. Усё папярэджвае і над усім узвышаецца Божая задума аб стварэнні свету і, у прыватнасці, аб жыцці і лёсе чалавека, закліканага ўвайсці ў трынітарныя зносіны.
Вера, прыймаючы Боскае слова і здзяйсняючы Яго ў жыцці, эфектыўна узаемадзейнічае з розумам. Разуменне, якое дае вера, у прыватнасці вера, арыентаваная на практыку, структуіравана розумам і выкарыстоўвае ўсё, што ён можа прапанаваць. Таксама і сацыяльная навука як веды, што ўжываюцца да выпадковага і гістарычнага аспектаў практыкі, ставіць разам веру і розум і красамоўна сведчыць аб плённасці іх узаемаадносінаў.
75 Вера і розум – два шляхі пазнання, якімі рушыцца сацыяльная навука, бо ўзыходзіць да двух крыніцаў: Адкрыццю і чалавечай натуры. Веды, якія даюцца праз веру, асягае і накіроўвае жыццё чалавека ў святле гісторыка-збаўчай таямніцы, у святле таго, што бог адкрыў Сябе і прапанаваў Сябе нам, людзям, у Хрысце. Гэта зразуменне веры дзейнічае праз розум, пры пасрэдніцтве якога яно, наколькі гэта магчыма, тлумачыць і разумее сапраўдную праўду і злучае яе з праўдай чалавечай прыроды – праўдай, якая паходзіць ад Божай задумы, выяўленай у стварэнні, значыць з цэласнай праўдай аб асобе як аб істоте духоўнай і цялеснай, што завязвае адносіны з Богам, з іншымі людзьмі і іншымі істотамі.
Таму засяроджанасць на таямніцы Хрыста не робіцца больш слабай і не выключае ролю розума, а значыць, не пазбаўляе сацыяльную навуку рацыянальнасці ды універсальнай значнасці. Бо таямніца Хрыста пралівае святло на таямніцу чалавека, розум асягае ва ўсёй поўні сэнс чалавечай годнасці і бароніць яго маральныя патрэбы. Сацыяльная навука – гэта веды, асвячаныя верай і менавіта таму яны выказваюць больш высокую патрэбу да пазнання. Сацыяльная навука ўсім тлумачыць праўды, ёй зацьверджаныя, і абавязкі, якія з яе паходзяць; усе людзі могуць прыняць і падзяліць яе.







All the contents on this site are copyrighted ©.