2006-05-15 10:48:37

Падрыхтоўка да візыту Свяцейшага Айца ў Польшчу.


У сталіцы Польшчы пачала працаваць інфармацыйная лінія па падрыхтоўцы візыту Папы. Пры яе пасрэдніцтве жадаючыя прыняць удзел у імшы, якую 26 траўня ўзначаліць Свяцейшы Айцец Бенедыкт XVІ у Варшаве, 24 гадзіны ў суткі могуць атрымаць разнабаковую інфармацыю, што мае дачыненне да будучага візыту.
Чакаецца, што 26 траўня на пляцы Пілсудскага ў Варшаве будзе маліцца больш за 100 тысяч чалавек, а ў прылягаючых вулачках збярэцца больш за мільён пілігрымаў. Як зазначыла адна з адказных за інфармаванне пілігрымаў, спадарыня Гражына Меленовіч, апрача інфармацыйнай лініі дапамогу можна будзе атрымаць таксама непасрэдна на месцы.
Па словах спадарыні Меленовіч, падчас пілігрымкі Свяцейшага Айца ў Варшаву будзе працаваць таксама Цэнтральны пункт згубленых дзяцей. Будуць арганізаваныя два пункты для тых, каму спатрэбіцца дапамога, дзе людзі будуць мець магчымасць атрымаць месца для адпачынку і пасілак.
Кожны пілігрым атрымае спецыяльнае друкаванае выданне, якое падрыхтоўвае Варшаўская курыя. 26 траўня ўдзельнікаў імшы на плошчы Пілсудскага будуць давозіць бясплатныя аўтобусы.







All the contents on this site are copyrighted ©.