ЗША і Святы Пасад салідарны у тым, што тычыцца рэлігійнай свабоды ў Кітаі.
Пасол ЗША пры Апостальскай сталіцы спадар Фрэнсіс Руні заявіў, што ягоная краіна
салідарна з Ватыканам адносна важнасці захавання свабоды веравызнання ў Кітаі. “ЗША
ўважліва паставіліся да заявы Святога Пасада аб незаконных высвячэнняў двух біскупаў
у Кітаі. Амерыка імкнецца да агульнай рэлігійнай свабоды. На працягу доўгага часу
мы выступаем у падтрымку захавання свабоды веравызнання ва ўсіх краінах свету. Гэты
пункт гледжання Прэзідэнта Буша і дзяржаўнага сакратара Кандалізы Райс абсалютна ясны”,
- зазначыў пасол Руні. Дыпламат нагадаў таксама словы Прэзідэнта Буша пад час
яго візіта ў Кітай у мінулым годзе. Тады галава краіны адзначыў, што “здаровае грамадства
– гэта такое грамадства, якое прыймае ўсе рэлігіі і дае грамадзянам магчымасць вызнаваць
іх”. Пад час свайго нядаўняга спаткання з Прэзідэнтам Кітая Ху Цзіньтао Джордж Буш
зноў нагадаў аб важнасці сацыяльных, палітычных і рэлігійных свабод у Кітаі.