29 красавіка 2006 г. у будслаўскім санктуарыі Маці Божай сабраліся сем’і, якія ўваходзяць
у супольнасць «Хатняга Касцёла» руху «Святло-Жыццё» на Беларусі. У гэты дзень у нашым
нацыянальным санктуарыі праходзіў 3-ці Нацыянальны дзень супольнасці. На сустрэчу
прыбылі сем’і з Мінска, Маладзечна, Магілёва, Віцебска і моладзь з Вілейкі. Сустрэча
сем’яў распачалася а 12-й гадзіне малітваю каля абраза Маці Божай Будслаўскай. У 12.30
адбылася святая Імша, якую цэлебраваў кс. Аляксандр Барыла, дыяцэзіяльны мадэратар
супольнасці «Хатняга Касцёла» руху «Святло-Жыццё». Пасля Імшы адбыўся супольны пасілак
пад адкрытым небам. У 15.00 усе сабраліся на малітву да Божай Міласэрнасці пры выстаўленым
Найсвяцейшым Сакрамэнце. Потым адбылася лекцыя і была абвешчана арганізацыйная інфармацыя
на лета бягучага года. На заканчэнне адбылося ўрачыстае асвячэнне свечкі, якая будзе
спадарожнічаць у працы супольнасці «Хатняга Касцёла» ў наступным годзе. Бягучы
год у Касцёле на Беларусі прысвечаны памяці Папы Яна Паўла ІІ. Рух «Святло-Жыццё»
не застаецца ў баку. Удзельнікі супольнасці «Хатняга Касцёла» імкнуцца глыбей пазнаць
спадчыну Вялікага Папы, нашага сучасніка. Ян Павел ІІ шмат разоў звяртаўся да сем’яў,
у якіх бачыў сапраўдную аснову грамадства, і тлумачыў сэнс існавання сям’і, яе значэнне
і заданні. Другім аспектам малітоўнай сустрэчы ў Будславе стала падзяка Беззаганнай
Маці Касцёла за шматгадовую апеку над рухам. У чэрвені 1973 года кардынал Караль Вайтыла
— будучы Папа Ян Павел ІІ — даручыў рух заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі і абвясціў
Яе апякункай руху «Жывога Касцёла». Ян Павел ІІ увесь час падтрымліваў сувязь з рухам,
умацоўваў яго айцоўскім благаслаўленнем і малітваю