2006-05-09 13:53:08

Пад знакам Ісуса ( № 13)


У папярэдні раз мы разглядалі адносіны Хрысціянства, калі яно толькі фарміравала сваю мараль, да такого разумення як рабства. Антычнае грамадзтва будавалася на разуменні “прыналежнасці”: раб належыў пану, дзіця – бацьку, грамадзянін – гораду, вернік – культу свайго бога, а ўсе разам – вялікай Імперыі. Юдэі лічылі сябе належачымі да богаабранай нацыі. Нават Апостал Павел гаварыў аб сябе: “Я юдэй, тарсянін, грамадзянін даволі вядомага Кілікійскага горада...” Маладыя хрысціяне з Карынфа, якія жылі ў язычніцкім асяроддзі таксама намагаліся “прыналежаць” нейкаму апосталу ўнутры суполкі. Павел сурова асудзіў іх: хрысціянін не можа належаць ні Пятру, ні Паўлу, ні іншаму апосталу. Ён належыць толькі Хрысту, які памёр і ўваскрэс дзеля таго, каб усе людзі сталі братамі.
Хрысціянская ідыялогія змяняла характар чалавечага ўсведамлення. Душа і цела праведніка мысляцца збаўленымі. Знікае трагічны канфлікт паміж целам і духам, успрыняцце чалавека становіцца адзіным: тленнаму целу адкрываецца шлях ачышчэння і перамянення. Хрысціянства несла ў сябе новыя пачаткі, здольныя пахістаць сацыяльнае ўладкаванне рымскага грамадзтва. Так яно і адбылося. На працягу першых двух стагоддзяў Хрысціянства хутка распаўсюдзілася па ўсёй Рымскай імперыі. Яно становіцца самастойнай, адметнай ад юдаізма рэлігіяй. Здабывае ўласнае Святое Пісьмо – Новы Запавет, свае сімвалы, напрыклад крыж. У барацьбе з ерасямі адстойвае сваю тоеснасць.
У 66-м годзе ад Нараджэння Хрыстова, пад час праўлення Рымскага імператара Нерона, пачалася вызваленчая вайна юдэяў супраць рымскага панавання. Нерон – крывавы ганіцель хрысціян – быў забіты праз два гады пад час перавароту. Пасля гэтага, з 68-га па 69-ты год, имперыяй правілі тры нязначных імператары: Гальба, Атон і Вітэлій. А вось у 69-м годзе імператарам быў аб’яўлены Веспасіян, ён перадаў камандванне войскам у Юдэі свайму сыну Ціту. Чатыры гады працягвалася вайна і жорсткая асада Ерусаліма. У 70-м годзе святы горад паў а Храм быў разбураны.
Юдэі задаваліся пытаннем – чаму Бог не абараніў сваю святыню і аддаў яе на паруганне чужаземным салдатам? Юдэйскія і хрысціянскія аўтары ў сваіх працах спрабавалі даць гэтаму тлумачэнне. Звернемся да сведчання гісторыка І-га стагоддзя і сведкі тых падзеяў Іосіфа Флавія. Юдэй па паходжанні, пад час вайны, ён перайшоў на бок рымлянаў і зрабіўся гісторыкам дынастыі Флавіяў. Ён намагаўся апраўдаць рымлянаў у прамове Ціта звернутай да абаронцаў Храма: “Тады явіўся я пад мурамі горада з сумнымі паўнамоцтвамі, якія вельмі неахвотна даў мне мой бацька. Я чуў, што народ мірна настроены, і радаваўся гэтаму.
Да пачатку барацьбы я прапаноўваў вам уціхамірыцца; і ўвесь час барацьбы я быў паблажлівы: памілаваў перабежчыкаў, выконваў абяцанні, якія даваў тым што звярталіся да мяне, змілаваўся над многімі палоннымі, стрымліваў пакараннямі тых што праглі помсты, вывозіў мае машыны супраць вашых сценаў толькі па неабходнасці, стрымліваў крыважадных саладат, пасля кожнай перамогі прапаноўваў вам мір, нібыта я быў пераможаным. Падступіўшы, урэшце, да храма, я зноў забыў закон вайны і па добрай маёй волі прасіў вас пашкадаваць вашу ўласную святыню, спасці сабе храм, дазволіў вам свабоднае адступленне, абяцаў дараванне жыцця, а ў выпадку адхілення гэтага, даў вам магчымасць біцца з намі ў іншым месцы – усё гэта вы адштурхнулі ад сябе і ўласнымі рукамі спалілі храм”. (Иосиф Флавий, “Иудейская война”, кн. 6).
Потым гісторык Іосіф Флавій піша свае ўласныя сведчанні: “У той час, як храм гарэў, салдаты рабавалі ўсё што траплялася ім у рукі і забівалі юдэяў на шляху нясметнымі масамі. Не было ні літасці да ўзросту, ні павагі да звання. Вышыня храма і веліч гарэўшага будынка прымушалі думаць, што ўвесь горад аб’яты пламенем”. (Иосиф Флавий, “Иудейская война”, кн. 6). Улада Рыма над Юдэяй умацавалася яшчэ больш. Знаходзячыся з 6-га года пад валадарствам рымскіх пракуратараў, цяпер Юдэя стала прэтарыянскай правінцыяй Рыма, дзе кіраванне належала прэфекту. У Ерусаліме быў раскватэраваны 10-ы легіён. Храмавы падатак ператварыўся ў падатак на карысць храма Юпітэра Капіталійскага ў Рыме. Хрысціяне і юдэі, кажныя па-свойму перажывалі гібель Святога горада. Аднак не гледзячы на паразу ў вайне юдэі не страчвалі надзею аднавіць незалежнасць.
Пад час асады Ерусаліма хрысціян у горадзе не было. Яны пакінулі Ерусалім яшчэ да пачатку вайны, пасля таго як у 62-м годзе па загаду першасвятара – саддукея быў забіты камянямі Якаў, брат Гасподні. Гэтае пакаранне паслужыла ім папярэджаннем. Аўтар “Хрысціянскай гісторыі” біскуп Еўсевій Кесарыйскі пісаў у 325 годзе, што хрысціяне пасяліліся ў горадзе Пелла, што быў непадалёку. Пасля вайны хрысціяне вярнуліся ў Ерусалім і нават адрадзілі там суполку, але яна ўжо не магла быць роўнай па значнасці з Антыяхійскай, Рымскай або Александрыйскай.
Пасля 70-га года Ерусалім ужо перастаў быць цэнтрам новай веры, хаця хрысціяне часам сумна ўзгадвалі аб Святым горадзе. З таго часу можна было казаць аб тым, што шляхі Юдаізма і Хрысціянства разыйшліся канчаткова. Хрысціянам з юдэяў, як ерэтыкам, быў закрыты ўваход у сінагогі. У штодзённую малітву юдэяў, складзеную з 18-ці прашэнняў, пасля 70-га года дабавілася яшчэ адно, накіраванае супраць “язычнікаў” – паслядоўнікаў навукі Назарэя. Са свайго боку, хрысціяне сурова крытыкавалі “сыноў Абрамавых” за нежаданне прыняць Добрую Навіну як збавенне. Пропасць, якая падзяліла дзве рэлігіі, станавілася ўсё глыбей.







All the contents on this site are copyrighted ©.