2006-04-11 14:05:42

Пад знакам Ісуса ( № 10)


Сёняшняя наша гутарка будзе прысвечана станаўленню новай маралі сярод першых хрысціянаў. Большасць хрысціянскіх суполак узнікала сярод язычнікаў і таму, каб знайсці свой уласны вобраз жыцця ім недастаткова было адмовіцца ад юдэйскіх рытуальных правілаў. Неабходным быў новы маральны закон, бо жыццё пастаянна ставіла перад хрысціянамі пытанні аб іх канкрэтных паводзінах у акружаючым свеце. Ці дазваляецца хрысціяніну захоўваць былыя язычніцкія звычаі? Калі так, то хрысціянства магло хутка растварыцца ў мностве іншых рэлігійных плыняў і аб’яднанняў, якія існавалі ў Рымскай імперыі. Або трэба было, наадварот, адмовіцца ад звыклага ўкладу жыцця і не наведваць былыя храмы, не прыносіць ахвяры багам, не ўдзельнічаць у свяшчэнных трапезах, не бываць у тэатрах і рысталішчах. Але ў гэтым выпадку, адыходзячы ад удзелу ў грамадзянскім жыцці горада, хрысціяне рызыкавалі страціць давер сваіх суграмадзянаў.
Трэба адзначыць, што хрысціяне вельмі рэзка выказваліся супраць гладыятарскіх баёў. “Што можа быць больш безчалавечным”, – пісаў біскуп Карфагенскі Кіпрыян. Святар і багаслоў Іпаліт Рымскі лічыў гладыятарскую справу несумяшчальнай з падрыхтоўкай да прыняцця хросту. Каля 215-га году ён пісаў:“Гладыятар павінен пакінуць гэты занятак, або яго не трэба прыймаць”.
Хрысціянам трэба было вырашыць, як весці сябе ў грамадзтве, жыццё якога было насычана святкаваннямі ў гонар багоў, рытуальнымі трапезамі і танцамі. Менавіта з гэтай пазіцыі яны разглядалі старазапаветную ідэю аб двух шляхах. У багаслоўскай працы таго часу “Навуцы дванаццаці апосталаў” напісана: “Шлях жыцця такі: па-першае любі Бога, які стварыў цябе. Па-другое, бліжняга свайго, як самога сябе. Шлях смерці такі: забойства, пралюбадзейства, пажаднасць, распуста, крадзёж, ідалапаклонства, чараўніцтва, гордасць, крывадушнасць, злосць, самаўпэўненасць”.
Каб хрысціянства знайшло свой асабісты твар, усё трэба было будаваць нанова, ствараць сваю традыцыю, прыстасоўваючы яе да асяроддзя. Напісанае Апосталам Паўлам у 54-м годзе Першая Пасланне да Карынфянаў наглядна паказвае шматлікія праблемы з якімі прыходзілася сутыкацца маладой хрысціянскай суполцы. Што рабіць, калі “нехта за жонку мае бацькаву жонку” (Кар., 5), гэта значыць мачаху – забараніць яму або не? Ці можа хрысціянін “судзіцца перад бязбожнымі”(Кар., 6), гэта значыць прадставаць перад судом язычнікаў? Што рабіць з тымі, што ўхіляюцца ад сужонскіх абавязкаў? Якую ролю адвесці ў суполцы ўдовам і дзявіцам? Ці можна ўжываць ідалаахвярнае мяса і ўдзельнічаць у язычніцкай трапезе? Ці дазволена купляць ежу на таргу? Выклікалі пытанне нават паводзіны вернікаў пад час багаслужбаў.
Карынфяне захавалі язычніцкую звычку гаварыць прамову пад час сабрання, і, прыходзячы ў экстатычны стан пад уплывам Святога Духа, маглі “загаварыць на невядомай мове”, так што астатнія не разумелі іх. Яны падзяляліся на групы пад час Еўхарыстыі, тым самым паглыбляючы раскол там, дзе неабходна было захаваць адзінства. Ім падабалася аб’яўляць: “Я Апалосаў”, “Я Паўлаў”, “Я Кіфін”, забываючы, што існуе толькі Ісус, які аддаў сябе на ўкрыжаванне за ўсіх і толькі Ён даруе збавенне. А як трэба было весці сябе жанчынам? Ці маглі яны “маліцца з непакрытай галавой”? Ці маглі яны прароцтваваць? Ну і, урэшце, асаблівую складанасць прадстаўляла навука аб уваскрэсенні мёртвых. Грэцкая, эліністычная культура карынфян вызнавала бессмяротнасць душы і тленнасць цела. Ім была незразумелай думка аб магчымым ўваскрэсенні целаў простых смяротных. Нават Павел, прапаведваючы аб уваскрэсенні перад Афінскім арэапагам, пацярпеў няўдачу.
Прыватнае жыццё, выхаванне дзяцей, паводзіны жанчын, стасункі з рабамі, відовішчы. Айцы Царквы часта звярталіся да гэтых пытанняў маралі і этыкі. Гісторыя пакінула нам цікавыя сведчанні. Напрыклад ужо ўзгаданы намі святар і багаслоў Іпаліт Рымскі пісаў у працы “Апостальская традыцыя”: “Калі прыходзіць чалавек, які займаецца распуствам, то яго трэба гнаць. Калі прыходзіць чалавек, які вырабляе ідалаў, то яго трэба адукаваць; але, калі ён не пакіне гэты занятак, то яго таксама трэба гнаць. Той, хто наведвае святы ахвярапрынашэння багам, той павінен пакінуць гэты занятак, або яго таксама трэба гнаць. Або нехта паляўнічы, або вучыцца забіваць, або ваеннай справе, або бярэ ўдзел у скачках, то ён павінен пакінуць гэты занятак, або яго не трэба прыймаць. Салдата не трэба прыймаць, і калі яму загадана забіць некага, то ён не павінен гэта рабіць; а калі ён не пакінуў гэтую справу, то яму трэба адмовіць у прыёме”.
Сярод Айцоў Царквы не было аднадушных адносінаў да салдатаў. Некаторыя лічылі, што гэты занятак несумяшчальны з верай – бо салдат павінен быў забіваць і прыносіць прысягу на вернасць імператару. Але ў рымскім войску хрысціяне былі настолькі шматлікімі, што імператар Дыаклецыян у 303-м гдзе вырашыў ачысціць ад іх армію. Айцец Царквы з Карфагену, аўтар многіх багаслоўскіх працаў Тэртуліян, які памёр каля 223 года пісаў у “Выбраных творах”: Ці можа хрысціянін быць ваенным і ці могуць воіны станавіцца хрысціянамі. Боская і чалавечая клятва, сімвалы Хрыста і Сатаны, святло і цемра не выносяць адзін аднаго; чалавечая душа не можа адначасова выконваць свае абавязкі перад Богам і імператарам. Як жа ваяваць таму, у каго Гасподзь адняў меч? Да Яна Хрысціцеля таксама прыходзілі салдаты, каб ён указаў як жыць далей і нават калі сотнік ёсць вернікам, то Гасподзь, раззброіўшы Пятра, раззброіў і кожнага саладата”.







All the contents on this site are copyrighted ©.