2006-04-04 13:43:27

Пад знакам Хрыста


Сёння мы працягнем разглядаць старажытную гісторыю Хрысціянства, яго першыя крокі, якія былі складанымі і неадназначнымі. У мінулы раз мы надалі значную ўвагу гісторыі навяртання Апостала Паўла і яго ролі ў распаўсюджванні Божага Слова. Але ў першыя дзесяцігоддзі пасля Узнясення Хрыста не ён вызначаў накірунак Царквы. Сярод першых хрысціянаў бязспрэчным быў аўтарытэт Апостала Пятра. Усё, што казаў і рабіў першы вучань Ісуса, галава Дванаццаці Апосталаў, мела асаблівую значнасць. Павел не меў такога ўплыву, але, негледзячы на гэта, ён адкрыта супрацьстаяў Пятру ў 51-м годзе ў горадзе Антыохія – важным месцы тагачаснай Сірыі, дзе вернікі ўпершыню пачалі называць сябе хрысціянамі.
Недарэчнасці пачаліся з-за таго, што не было вызначана як павінны былі жыць і мець стасункі паміж сабой хрысціяне якія паходзілі з юдэяў і хрысціяне якія паходзілі з язычнікаў. З’явіліся два накірункі ў Хрысціянстве, што было сапраўднай праблемай, асабліва для змешаных суполак, які станавілася ўсё болей. Бо хрысціянін-юдэй, які працягваў выконваць прадпісанні закона продкаў, павінен быў трымаць дыстанцыю ад язычніка. Яму нельга было уваходзіць у яго дом, дзяліць з ім трапезу.
Змешаная суполка хрысціянаў Антыохіі жыла па іншым правілам, чым законапаслухмяныя ерусалімскія хрысціяне. Тамтэйшыя хрысціяне-юдэі і хрысціяне-язычнікі разам прыймалі ежу, а гэта азначала, што першыя не прытрымліваліся Закона Майсея. Прыбыўшы ў Антыохію і ўвайшоўшы ў склад суполкі, Пётр прыняў гэтае правіла, але калі ён даведаўся, што з Ерусаліма прыедуць хрысціяне з юдэяў, пачаў “таіцца і ўхіляцца”(Гал.,2). Пётр меў для гэтага прычыны, бо не хацеў, каб пасланнікі з Ерусаліму даведаліся, што ён не прытрымліваецца Закона, інакш бы ён, апостал так званых “абрэзаных”, страціў бы права несці ім Слова Божае. Але, калі ўлічваць яго аўтарытэт, яго ўчынак мог паслужыць прыкладам для прадстаўнікоў іншых суполак, і тады б “юдахрысціянская мадэль” стала адзінай магчымай на землях Рымскай імперыі.
Вось чаму Павел выступіў супраць, аб чым потым напісаў у пасланні да Галатаў: “Калі ж Пётр прыйшоў у Антыохію, дык я адкрыта выступіў супраць яго, бо ён заслужваў дакораў. Бо да прыходу некаторых ад Якава, еў разам з язычнікамі; а калі тыя прыйшлі, пачаў таіцца і ўхіляцца, апасаючыся абрэзаных. Разам з ім крывадушнічалі і іншыя юдэі, так што нават Варнава быў змушчаны іхняй крывадушнасцю. Але калі я ўбачыў, што яны не проста дзеюць паводле ісціны Дабравесця, сказаў Пятру пры ўсіх: калі ты як юдэй жывеш па-язычніцку, а не па-юдэйску, дык наврошта язычнікаў змушаеш жыць па-юдэйску? Мы з прыроды юдэі, а не з язычнікаў грэшнікі” (Гал., 2).
Павел хацеў, каб хрысціяне-язычнікі станавіліся праведнікамі не па правілах юдэйскага Закона, а дзякуючы веры ў Хрыста. Дзейнасць Паўла, як і дзейнасць Пятра, суправаджалася цудоўнымі ацаленнямі, аб чым бесстаронна сведчыць Апостал Лука, аўтар “Дзеяў Апосталаў”.
У хуткім часе пасля таго “антыахійскага непаразумення” кіраўнікі асноўных суполак сабраліся ў Ерусаліме, каб даць адказ на цяжкае пытанне, якое пагражала падзелам Царквы: ці трэба хрысціянам з язычнікаў прытрымлівацца Закона Майсея? На думку гісторыкаў, сёння немагчыма аднавіць у дэталях тую дыскусію. Можна меркаваць, што было прынята некалькі законаў накіраваных на дасягненне згоды паміж юдэямі і язычнікамі. Яны маглі зыходзіць з законаў Старога Запавету, якія прадпісвалі пазбягаць кровазмяшальных шлюбаў. Апостал Лука дае сваю трактоўку тых падзеяў, уклаўшы яе ў вусны галавы Ерусалімскай суполкі Якава: “Таму я лічу, што ня сьлед зважаць тым язычнікам, якія да Бога звяртаюцца, а напісаць ім, каб яны ўстрымаліся ад апаганенага ідаламі, ад распусты, ад душанага і крыві, і каб не рабілі іншым таго, чаго не зычуць сабе”. (Дзеі, 15).
Такім чынам, Сабор у Ерусаліме, які адбыўся прыблізна ў 51-м годзе ад Нараджэння Хрыстова, вызваліў хрысціянаў ад выканання Закона Майсея. Такога ж пункту погляду трымаўся і Павел, які лічыў, што калі хрысціянам трэба знайсці свой маральны закон, то гэта неабавязкова рабіць на падставе закона юдэйскага.
Пройдзе каля дзесяці гадоў, і абодва апосталы сустрэнуцца ў замірацца ў Рыме, куды Павел збіраўся адправіцца пасля прапаведвання ў Гішпаніі. Але ў Рым ён трапіў не як вольны місіянер, а як падсудны рымскай улады. Там, як і Пётр, ён стаў ахвярай пераследванняў імператара Нерона. Адбылося гэта прыблізна ў 67-м годзе эры Хрыста. Аб укрыжаванні Пятра галавой уніз упершыню было ўзгадана ў апокрыфе ІІ стагоддзя. Біскуп Еўсевій Кесарыйскі, які памёр у 430-м годзе, у сваёй “Царкоўнай гісторыі” пісаў, што “Павел быў абезгалоўлены ў самым Рыме, а Пётр укрыжаваны”. Але самым старажытным тэкстам, у якім апісваецца пакаранне Паўла, лічыцца пасланне біскупа Клімента, якое датуецца 96-м годам. З-за таго, што Павел быў рымскім грамадзянінам, яго не маглі пакараць як раба – укрыжаваць або кінуць на разарванне дзікім звярам. Па тагачаснаму закону, яму адсеклі галаву.
Сярод першых мучанікаў быў і Якаў, якога называлі братам Гасподнім – яго пабілі камянямі ў Ерусаліме ў 62-м годзе. Адбылося гэта па загаду першасвятара Ханнана Малодшага, які скарыстаўся момантам калі адзін рымскі праконсул памёр, а другі яшчэ быў на дарозе. Пасля гэтага гараджане адправілі да рымскага імператара паслоў з просьбай забараніць Ханнану падобныя дзеянні. Пра гэта напісаў гісторык І-га стагоддзя Іосіф Флавій у сваёй працы “Юдэйскія старажытнасці”.







All the contents on this site are copyrighted ©.