2006-04-03 13:04:58

Iнтерв'ю з кардыналам Дзівішам.


У першую гадавіну смерці Свяцейшага Айца Яна Паўла II° перад мікрафонамі нашага радыё аб ім успамінае чалавек, які быў вельмі блізкі з ім доўгія гады – гэта асабісты сакратар Папы-нябожчыка, сучасны арцыбіскуп Кракава кардынал Станіслаў Дзівіш.
“Апошні перыяд жыцця Папы, - сказаў кардынал Дзівіш, - быў адзначаны вялікімі пакутамі, і ягоная смерць была і ёсць для мяне глыбокім чалавечым і духоўным вопытам. Я, - працягнуў сваё апавяданне былы сакратар Свяцейшага Айца, - быў абок кардынала Кароля Вайтылы і потым Папы Яна Паўла II° амаль сорак гадоў. Акрамя дара веры, я стаўлюся да гэтага як да самай вялікай Божай Ласкі і прывялею ў сваім жыцці. Увесь гэты вопыт я захоўваю ў сабе. Ён працягвае фармаваць мяне. Зыход Яна Паўла II° у дом Айца Нябеснага я перажыў у духу веры, як і ён перажываў яго – як пераход ад жыцця да Жыцця з вялікай літары. У рэшце рэштаў, толькі ў святле веры наша жыццё, наша смерць маюць сэнс; гэта рух не да знішчэння, але да аднаўлення жыцця ў Богу, Які ёсць Любоў. Цяпер, праз год, для мяне робіцца ясным, што смерць Яна Паўла II° не была канцом, але кульмінацыяй яго доўгага і вернага служэння Царкве. У пэўным сэнсе, яго смерць паклала пачатак новай рэчаіснасці, прынесла новы плён. Гэта смерць вызваліла ў людзей столькі энергіі дабра і выклікала пачуццё прыналежнасці да вялікай грамады Божага Народа. Урэшце, гзэта смерць наблізіла і працягвае набліжаць да Бога, да Езуса Хрыста мноства людзей. Ян Павел II° падобны таму зерню, якое памірае, каб даць жыццё, новае Жыццё. Таму я, - сказаў арцыбіскуп Дзівіш, - магу сказаць спакойна – хаця ж і не без вялікага хвалявання – што пакуты, смерць Слугі Божага Кароля Вайтылы ёсць вялікім дарам для Царквы. Бог змесціў яго паміж нас, але ў той жа час прапанаваў яго нам новым, іншым чынам. Мы бачым яго па плёну веры, надзеі і любові.
На пытанне, як ён ставіцца да свайго служэння Царкве пасля назначэння арцыбіскупам Кракаўскім і членам Калегіі кардыналаў, Станіслаў Дзівіш адказаў такім чынам: “Я разумею, што маё назначэнне галавой Кракаўскай дыяцэзіі ў пэўным сэнсе ёсць працягам майго служэння Царкве каля Яна Паўла II°. Ад яго я навучыўся пазнаваць чалавека і Царкву. Вучыўся, як служыць чалавеку і як прыймаць на сябе адказнасць за сучасную Царкву, як абвяшчаць Эвангелле Езуса ў сёняшнім свеце. Натуральна, я разумею абмежаванасць маіх сілаў перад абліччам тых выклікаў, якія мяне чакаюць. Але я набываю спакой у разуменні таго, што мне належыць выконваць волю Бога, і я поўны даверу да Бога, Які дасць мне сілы. Акрамя таго, я ўпэўнены, што з нябёсаў мяне суправаджае асаблівае заступніцтва Слугі Божага Яна Паўла II°. Нейкім чынам гэта ён “адказны” за маю новую місію, якую я павінен ажыццяўляць у Царкве. 24 сакавіка, пасля Кансісторыі, я накіраваўся ў Ватыканскія склепы на магілу Яна Паўла II°, дзе прасіў яго заступніцтва, каб уручыць Богу і Мадонне мой шлях у Царкве і для Царквы. У мяне ёсць упэўненасць, што я не адзін. I таму я сустракаю мноства людзей, якія - без сумніву, у памяць аб Яне Паўле II° - падтрымліваюць мяне малітвай, дапамагаюць мне. Цяпер у Польшчы і Кракаўскай арцыдыяцэзіі мы рыхтуемся прыняць Свяцейшага Айца Бенедыкта ХVI°. Гэты візіт, у чым я глыбока ўпэўнены зробіць яшчэ болш моцнай сувязь польскіх католікаў з Царквой, распаўсюджанай па зямлі, з сусветнай Царквой; паглыбіць і ўзмоцніць усё тое, што было такім блізкім сэрцу Свяцейшага Айца Яна Паўла II°, - зазначыў былы асабісты сакратар памёрлага Папы, сучасны Кракаўскі арцыбіскуп кардынал Станіслаў Дзівіш.







All the contents on this site are copyrighted ©.