2006-03-28 14:18:18

"Пад знакам Ісуса" ( № 8)


У папярэдняй гутарцы мы шмат увагі надалі асобе Святога Паўла. Яўленне Хрыста ператварыла яго з пераследвальнікаў Навукі ў апостала хрысціянаў. Але Павел адрозніваўся ад іншых апосталаў тым, што не ўваходіў у лік першых вучняў Ісуса, і тым, што атрымаў адкрыццё на прапаведванне Слова Божага ад самаго Усявышняга.
Першым вялікім горадам дзе з’явіліся хрысціяне быў Ерусалім. А вось далей вера Хрыстова пачала распаўсюджвацца ў розных баках свету, перш за ўсё па вялікіх гарадах. Адным з першых быў егіпецкі горад Александрыя. Ужо ў ІІІ стагоддзі да Нараджэння Хрыста Александрыя была цэнтрам сусветнай навукі і культуры, яна была вядома сваёй Бібліятэкай, Музеем і таму вабіла да сябе адукаваных людзей з усяго свету. У Александрыі існаваў асобны юдэйскі квартал, дзе жыло больш за 100 тысяч чалавек. Яны не мелі грамадзянства, але стваралі зямляцтва пад назвай politeuma, якім кіравала рада старэйшын.
У Александрыі склаўся свайго рода “эліністычны юдаізм”: у сінагогах юдэі маліліся па-грэцку. Тагачасны юдэйскі філосаф Філон напісаў там сваю знакамітую працу “Александрыйскі юдаізм”, дзе ўвязваў вернасць юдаізму з лепшымі прынцыпамі грэцкай філасофіі. Той філасофскі твор аказаў вялікі ўплыў на хрысціянскую думку. Яскравымі прадстаўнікамі александрыйскай хрысціянскай думкі былі філосафы: Клімент Александрыйскі, які нарадзіўся каля 150 года і Арыген – ён нарадзіўся каля 185 года. Арыген вядомы алегарычным тлумачэннем Бібліі, для яго галоўным быў духоўны сэнс Святога Пісьма, чым і адрозніваўся ад літаральнага тлумачэння Айцоў Антыахійскай Царквы.
Калі паглядзець на геаграфічную карту, то ўбачым, што Александрыя знаходзіцца аднасна недалёка ад Ерусаліма. Менавіта з яе порта юдэі Палестыны адплывалі на караблях у Рым. Вельмі верагодна, што новая вера была прынесена ў Александрыю даволі рана. Першым александрыйцам, навернутым у хрысціянства, чыё імя дайшло да нас дзякуючы “Дзеям Апосталаў”, стаў нехта Апалос, “муж красамоўны і абазнаны ў Пісаннях”. Юдэй па паходжанні, ён прыйшоў каля 53 года ў горад Эфес, сёння гэта Заходняя Турцыя, і “вучыў пра Госпада слушна”. Хутчэй за ўсё ён быў ахрышчаны ў сваім родным горадзе. Як бы там не было, хрысціяне мелі выгаду з так званага “александрыйскага юдаізму”. Яны змаглі адмыслова ацаніць яго плады, адным з якіх стала Біблія перакладзеная на грэцкую мову, так званая “Септуагінта”, якая стала ідыяльнай падставай для прапаведвання сярод язычнікаў, бо па-грэцку размаўляла ўся Рымская імперыя. У Рыме першыя хрысціяне з’явіліся хутчэй за ўсё паміж 33-м і 40-м годам. Юдэяў там было шмат, яны былі актыўныя і падтрымалі трывалую сувязь з Ерусалімам.
У Пасланні да Рымлянаў, якое было напісана каля 58 года, Апостал Павел называе імёны тых першых хрысціянаў, з якіх бачны прадстаўнікі розных сацыяльных слаёў і розных рамёстваў. Павел назваў імёны 27 мужчын і 10 жанчын, якія ігралі адметную ролю ў жыцці суполкі. Але Новая вера выклікала разнагалоссі ў частцы рымскіх сінагог. Так, гісторык Светоній адзначаў хваляванні сярод юдэяў, “якія знаходзіліся пад уплывам Хрыста”. Гэтыя хваляванні прывялі да таго, што ў 41-м годзе Рымскі імператар Клаўдзій падпісаў указ аб выгнанні юдэяў з Рыма. Верагодна, гэты ўказ закранаў не ўсіх юдэяў, аднак сямейная пара, Акіла і Прыскіла, пакінулі Рым і перабраліся ў грэцкі горад Карынф, што непадалёку ад Афінаў. Там яны сустрэліся з Паўлам, які прыйшоў да іх і “як што быў аднаго рамяства, застаўся ў іх працаваць: бо рамяство ў іх было – рабіць палаткі”. Мяркуецца, што майстэрня была асаблівым месцам сустрэчаў і прапаведванняў. Акіла і Прыскіла сталі надзейнымі саратнікамі Паўла спачатку ў Карынфе а потым у Эфесе.
Дзякуючы місійнай дзейнасці Паўла, пачынаючы з 30-х гадоў у складзе хрысціянскіх суполак з’явіліся язычнікі. З таго часу суполкі сталі змешанымі, можна казаць аб хрысціянах-юдэях і хрысціянах-язычніках. Падобная сітуацыя выклікала канфлікты: як трэба было адносіцца да нованавернутых язычнікаў? Ці трэба было патрабаваць, як гэта рабілі фарысеі з Ерусалімскай суполкі, каб яны рабілі абразанне і жылі па юдэйскаму Закону? Або наадварот, лічыць, што выкананне Закона для іх неабавязкова? Гэтай думкі прытрымліваўся і Павел. Многія хрысціяне з юдэяў яшчэ доўгі час працягвалі захоўваць шабат разам з удзелам у Еўхарыстыі па суботах пасля заходу Сонца або нядзельнымі вечарамі. А вось у эліністычных суполках, што ўзніклі ў адказ на пропаведванне Паўла, наадварот, шабат не іграў ніякай ролі. Як напісаў Апостал Павел у Пасланні да Каласянаў: “Дык вось, хай ніхто не асуджае вас за ежу, пітво, ці за якое-небудзь свята, ці ў справе маладога месяца, ці суботы: гэта ёсць цела будучыні а цела – у Хрысце”. Тое ж самае сцярджалі і Айцы Царквы, пачынаючы са Святога Юсціна.
З’явіліся два накірункі ў Хрысціянстве, і гэта прадстаўляла рэальную праблему, асабліва для змешаных суполак. Бо хрысціянін-юдэй, які працягваў выконваць прадпісанні закона продкаў, павінен быў трымаць дыстанцыю ад язычніка. Ён не мог уваходзіць у яго дом, не мог дзяліць з ім трапезу. Якое ж выйсце трэба было шукаць з гэтай сітуацыі ў суполцы, падобнай да Антыахійскай? Падзяліцца на дзве групы, праводзіць дзве Еўхарыстыі? Або трэба было звыкацца з думкай аб існаванні двух суполак, шляхі якіх разыйшліся б назаўсёды? Менавіта ў гэты перыяд адбылося сутыкненне паміж Пятром і Паўлам, а Хрысціянства і Юдаізм пачалі разыходзіцца ў розныя бакі.
Але, падрабязней на гэтую тэму мы пагаварым праз тыдзень.







All the contents on this site are copyrighted ©.