2006-03-28 13:53:33

Iнтерв'ю монс.Лайоло аб дыпламатычных адносiнах з Кiтаем.


На думку кiраўнiка знешняпалiтычнай установы Ватыкана, арцыбiскупа Джованнi Лайоло, надыйшоў час устанаўлiваць дыпламатычныя адносiны з Кiтаем.
Монсiньор Лайоло заявiў гэта ў сваiм iнтэрв’ю кабельнаму тэлебачанню Ганконга, каментуючы ўзняцце да кардынальскай годнасцi бiскупа Ганконга Язэпа Цзэна. Па словах галавы ватыканскага Сакратарыята па сувязях з дзяржавамi, уручэнне кардынальскай шапачкi кiтайскаму бiскупу – гэта “знак асаблiвай павагi Бенедыкта XVI° да кiтайскага народа”. У сваiм iнтэрв’ю арцыбiскуп Лайоло таксама заявiў, што кантакты памiж Каталiцкай Царквой i Кiтаем ужо маюць месца на самых розных узроўнях.
“Мне здаецца, што Святы Пасад вельмi ясна даў зразумець, чаго ён чакае, у чым гатовы саступiць i ад чаго ён нiколi не адмовiцца дзеля вернасцi ўласным прынцыпам. Нам здаецца, - зазначыў ватыканскi дастойнiк, - што час надыйшоў. Святы Пасад падкрэслiў сваю гатоўнасць перавесцi Апостальскую нунцыятуру з Тайбея ў Пекiн, дзе яна ўжо знаходзiлася да пераводу з матэрыковага Кiтая на Тайвань”.
Афiцыйны Пекiн разарваў дыпламатычныя сувязi з Ватыканам у 1951 годзе, праз два гады пасля прыйсця да ўлады Мао Цзэ-Дуна. Тагачасны Апостальскi нунцый арцыбiскуп Антонiо Рiберi быў высланы з КНР. Пасля гэтага ў краiне была створана так званая Кiтайская патрыатычная каталiцкая асацыяцыя, падпарадкаваная свецкiм уладам i не падпарадкаваная Апостальскай сталiцы. Пекiнскiя ўлады да гэтай пары не жадаюць прызнаць права назначэння бiскупаў Рымскiм Папам i гэта ёсць адным з галоўных непаразуменняў на шляху да аднаўлення дыпламатычных адносiнаў.
Напярэдаднi афiцыйнай цэрымонii ўзняцця да кардынальскай годнасцi, кардынал Цзэн заявiў, што памiж абодвума бакамi ёсць намер знайсцi кампрамiснае рашэнне па гэтаму пытанню. Як адзiн з варыянтаў такога кампрамiса, прапануецца прадстаўленне пекiнскiм уладам з Ватыкану трох кандыдатаў, з якiх улады могут выбраць аднаго святара, што будзе ўзняты да бiскупскай годнасцi.







All the contents on this site are copyrighted ©.