2006-03-22 13:34:58

Свяцейшы Айцец прыняў армянскага патрыярха Бедроса ХIХ°


Свяцейшы Айцец Бенедыкт XVI° прыняў галаву Каталiцкай aрмянскай Царквы Патрыярха Кiлiкiйскага Нерсеса Бедроса ХIХ Тамрунi, якога суправаджалi члены сынода i вернiкi, якiя належаць да згаданай Царквы.
Пад час спаткання Папа прыпомнiў аб пакутах, якiя выпалi на шматвекавую гiсторыю армянскага народа, асаблiва на тыя выпрабаваннi, што давялося вынесцi армянам у абароне хрысцiянскай веры. “Армяне, якiя заўсёды iмкнулiся да iнтэграцыi ў тых краiнах i грамадствах, дзе iм выпадала жыць, да сёняшняга дня працягваюць сведчыць сваю адданасць Эвагеллю”, - зазначыў Свяцейшы Айцец.
Гаворачы аб тым, што армяна-каталiцкая грамада прысутная ў многiх краiнах, Бенедыкт XVI° падкрэслiў: “Божаму Провiду было ўгодна, каб Армянскi патрыярхат быў заснаваны на Блiзкiм Усходзе, у Кiлiкii i ў Лiване. Усе вернiкi армяна-католiкi глядзяць на гэты патрыярхат як на цвёрдую аснову духоўнай сувязi памiж старажытнымi культурнымi i лiтургiчнымi традыцыямi”.
У далейшай частцы сваёй прамовы Свяцейшы Айцец выказаў надзею на будучае аб’яднанне хрысцiянскiх Цэркваў. “Розныя Цэрквы, якiя прызнаюць св.Рыгора Асветнiка сваiм заснавальнiкам, падзелены памiж сабой, нягледзячы на тое, што на працягу апошнiх некалькiх гадоў яны аднавiлi шчыры i плённы дыялог з мэтай адшукаць свае агульныя духоўныя каранi. Я - зазначыў Бенедыкт XVI°, звяртаючыся да армянскай дэлегацыi, - падтрымлiваю гэтае аднаўленае братэрства i супрацоўнiцтва ў надзеi, што яны прывядуць да новых iнiцыятыў на шляху да поўнай еднасцi, … з захаваннем царкоўнай ерархii, у братэрскай узаемнай гармонii i ў поўнi зносiнаў з Бiскупам Рыму”.
Прыкладам такой еднасцi Папа назваў святкаванне 1700 годдзя з моманту прызнання хрысцiянства дзяржаўнай рэлiгiяй старажытнай армянскай дзяржавы, якое адзначалася ў 2001 годзе з удзелам Яна Паўла II°.







All the contents on this site are copyrighted ©.