2006-03-20 13:57:32

Старонкi з Кампендiума сацыяльнай навукi Каталiцкай Царквы.


б) Адкрыццё трынiтарнай Любовi.
30 Аўтары Новага Запавету, у вечна новым захапленнi, якое ахоплiвае кожнага, хто адчуў невыказную Божую любоў (пар. Рым 8, 26), знаходзяць у святле поўнага адкрыцця трынiтарнай Любовi, якую прынесла нам Пасха Езуса Хрыста, галоўнае значэнне ўцелаўлення Сына i Яго мiсii сярод людзей. Святы Павел пiша: “Калi Бог за нас, хто супраць нас? Той, Якi Сына Свайго не пашкадаваў, але ахвяраваў Яго за ўсiх нас, як з Iм не даруе нам усяго?” (Рым 8, 31-32). Аб тым жа самым гаворыць i святы Ян: “У тым любоў, што не мы палюбiлi Бога, але Ён палюбiў нас i паслаў Сына Свайго як ахвяру перамольную за грахi нашы” (1 Ян 4, 10).
31 Твар Божы, якi паступова адкрываецца ў гiсторыi збаўлення, у поўнi сваёй ззяе ў Твары Езуса Хрыста Укрыжаванага i Уваскрослага. Бог ёсць Троiцай: Айцец, Сын i Святы Дух, яны сапраўды розныя i сапраўды адно, таму што яны – бясконцая агульнасць любовi. Бескарыслiвая Божая любоў да чалавецтва адкрываецца, перад усiм, як першапачатковая любоў Айца, ад Якога ўсё паходзiць; як бескарыслiвыя зносiны, у якiя яе пераўтварае Сын, нанова перадаючы Сябе Айцу i прапануючы Сябе людзям; як вечна новая плоднасць Боскай любовi, што паходзiць ад Святога Духа ў сэрцы людзей (пар. Рым 5, 5).
Словамi i справамi, а таксама, у поўнi i канчаткова, уласнай смерцю i ўваскрасеннем, Езус Хрыстус адкрывае чалавецтву, што Бог ёсць Айцом i што ўсе мы заклiканы Божай ласкай зрабiцца ягонымi дзецьмi ў Духу (пар. Рым 5, 15; Гал 4, 6), а значыць братамi i сёстрамi адзiн аднаму. Менавiта з гэтай нагоды Царква цвёрда верыць, што “ключ, засяроджанасць i мэта ўсёй чалавечай гiсторыi знаходзяцца ў яе Пане i Настаўнiку”.
32 Сузiраючы боскi Айцоўскi дар Сына, бескарыслiвы i найвялiкшы, аб якiм Езус вучыў i сведчыў, аддаючы за нас Сваё жыццё, Апостал Ян раскрывае яго глыбокi сэнс i самы лагiчны вынiк: “Улюбёныя! Калi так палюбiў нас Бог, то i мы павiнны любiць адзiн iншага. Бога нiколi нiхто не бачыў. Калi мы любiм адзiн аднаго, то Бог у нас знаходзiцца, i любоў Яго дасканалай ёсць у нас” (1 Ян 4, 11-12). Узаемнай любовi патрабуе прыказанне, якое Езус называе новым i Сваiм: “як Я палюбiў вас, так i вы любiце адзiн iншага” (Ян 13, 34). Прыказанне ўзаемнай любовi ўказвае, як жыць у Хрысце трынiтарным жыццём у Царкве, Целе Хрыстовым, i пераўтвараць разам з Iм гiсторыю, пакуль яна не асягне кульмiнацыi ў нябесным Ерусалiме.
33 Прыказанне ўзаемнай любовi, якая ёсць законам жыцця Божага народа, павiнна натхняць, ачышчаць i ўзвышаць усе чалавечыя адносiны ў грамадскiм i палiтычным жыццi: “Быць чалавекам значыць быць заклiканым да зносiнаў памiж асобамi”, бо гэта вобраз i падабенства Бога-Троiцы сутнасць-корань “усяго чалавечага “этнаса”…, якi асягае сваёй вершынi ў прыказаннi любовi”. Сучасны культурны, сацыяльны, эканамiчны i палiтычны феномен узаемнай залежнасцi, iнтэнсiфiкуючы i робячы асаблiва вiдавочнымi сувязi, што злучаюць чалавечую сямью, чарговы раз указвае, у святле Адкрыцця, на “новую мадэль еднасцi, адлюстраванне ўнутранага жыцця Бога, адзiнага ў трох Асобах, ёсць тым, што мы, хрысцiяне, акрэслiваем словам “зносiны””.
III. Чалавечая асоба ў Божай задуме любовi.
а) Трынiтарная Любоў, крынiца i мэта чалавечай асобы
34 Адкрыццё ў Хрысце таямнiцы Бога як трынiтарнай Любовi – гэта адначасова i адкрыццё аб паклiканнi чалавечай асобы да любовi. Гэта адкрыццё высвятляе да самых глыбiняў годнасць асобы i свабоду мужчынаў i жанчынаў i чалавечую «сацыяльнасць»: «Быць асобай, створанай на ўзор i падабенства Божае, - значыць… iснаваць у зносiнах, у стаўленнi да iншага «я», таму што Сам трыадзiны Бог з'яўляецца зносiнамi памiж Айцом, Сынам i Святым Духам.
У агульнасцi любовi, якая ёсць Богам – у Iм тры боскiя Асобы любяць адна iншую i сутнасць яе – Адзiны Бог, - чалавечая асоба заклiкана знайсцi крынiцу i мэту ўласнага iснавання i гiсторыi. У пастырскай канстытуцыi “Gaudium et spes” Айцы Сабору вучаць, што, “калi Пан Езус молiцца Айцу: “няхай будуць усе адзiным… як Мы адзiныя” ( Ян 17, 21-22), Ён адкрывае неасягальныя для чалавечага розума перспектывы i паказвае на пэўнае падабенства памiж еднасцю боскiх асобаў i еднасцю сыноў Божых у праўдзе i любовi. Гэтае падабенства паказвае, што чалавек – адзiнае на зямлi стварэнне, якое Бог пажадаў стварыць дзеля яго самога – магчыма ў поўнi знайсцi самога сябе толькi праз сапраўднае самавыяўленне. (пар. Лук 17, 33).
35 Хрысцiянскае адкрыццё па новаму высвятляе iдэнтычнасць, паклiканне i канчатковы лёс чалавечай асобы i чалавечага роду. Кожная асоба, створаная Богам, улюбёная i выратаваная ў Езусе Хрысце, пачынаючы сваю шматбаковую дзейнасць у свеце, рэалiзуе сябе праз шматлiкiя адносiны любовi, справядлiвасцi i салiдарнасцi з iншымi людзьмi. Калi чалавечая дзейнасць сцвярджае агульную годнасць i паклiканне асобы, якасць умоў жыцця, наблiжэнне i салiдарнасць народаў i нацый, яна адпавядае задуме Бога, Якi нiколi не стамляецца выяўляць Уласную любоў i Уласны Провiд Сваiм дзецям.
36 Старонкi першай кнiгi Святога Пiсання, на якiх гаворыцца аб стварэннi мужчыны i жанчыны на ўзор i падабенства Бога (пар. Быц 1, 26-27), утрымлiваюць найважнейшую навуку аб iдэнтычнасцi i паклiканнi чалавечай асобы. На гэтых старонках гаворыцца, што стварэнне чалавека – свабоднае i бескарыслiвае дзеянне Бога; што мужчына i жанчына, з улiкам таго, што яны вольныя i маюць розум, яны падобныя на Бога; i што толькi ў зносiнах з Iм яны могуць знайсцi i ажыццявiць сапраўдны i поўны сэнс iндывiдуальнага i сацыяльнага жыцця; што яны, менавiта дапаўняючы адзiн аднаго, з’яўляюцца вобразам трынiтарнай Любовi ў створаным сусвеце; што iм, вяршынi стварэння, Творца даручае ўдасканалiць, згодна Яго задуме, створаную прыроду (пар. Быц 1, 28).







All the contents on this site are copyrighted ©.