2006-03-17 06:57:52

Праз 40 гадоў пасля заканчэння семiнарыi былi высвячаны два святара ў В'етнаме.


У В’етнаме адбылося высвячэнне двух святароў, якiм давялося чакаць гэтага больш за 40 гадоў.
Мiшэль Хунг паступiў у семiнарыю ў 1964 годзе, а Язэп Нгуэн – на тры гады пазней. У 1975 годзе ўзяўшыя ўладу камунiсты закрылi ўсе семiнарыi ў В’етнаме. Толькi цяпер, калi в’етнамскiя ўлады пачалi больш лiберальна ставiцца да рэлiгii, Мiшэль Хунг i Язэп Нгуэн атрымалi магчымасць зрабiцца святарамi. Па меркаванню спецыялiстаў, высвячэнне згаданых святароў ёсць “крокам да нармалiзацыi адносiнаў” памiж Каталiцкай Царквой i ўладамi В’етнама. Першым знакам гэтага быў вiзыт у краiну прэфекта ватыканскай Кангрэгацыi да спраў эвангелiзацыi народаў кардынала Крэшенцiо Сепе, якi прайшоў у снежнi мiнулага года. Пад час побыту ў В’етнаме высокi ватыканскi дастойнiк высвяцiў у святары 57 асобаў, наведаў некалькi мясцовых дыяцэзiй, старшынстваваў на ўрачыстасцi ў гонар стварэння новай дыяцэзii Ба-Рыа i узначалiў рыт узняцця да бiскупскай годнасцi яе кiраўнiка – монсiньора Тамаша Трама.
Перад высвячэннем Хунг i Нгуэн на працягу двух гадоў праходзiлi паўторны курс багаслоўскiх навук. Зрабiўшыся святарамi, яны накiравалiся служыць у дыяцэзiю Пхан-Тхiет, што налiчвае каля 150 000 вернiкаў, якiмi апякуюцца 82 святара.
Наша даведка: Агульная колькасць католiкаў у 83 мiльённым В’етнаме складае 6 мiльёнаў чалавек. Памiж Святым пасадам i В’етнамам не iснуе дыпламатычных адносiнаў, аднак ерархi Рымскай курыi i в’етнамскiя ўрадавыя супрацоўнiкi даволi часта, у апошнi час, праводзяць спатканнi i кансультацыi, на якiх, напрыклад, абмяркоўваюцца кандыдатуры будучых бiскупаў для В’етнама, бо афiцыйны Ханой настойлiва патрабуе каб вышейшыя каталiцкiя ерархi ў краiне назначалiся з яго згоды.







All the contents on this site are copyrighted ©.