2006-03-14 13:13:08

Пад знакам Ісуса ( № 6)


У час нашай мінулай гутаркі мы прыгадалі групоўку так званых “эліністычных юдэяў”, якія таксама трымаліся Закона Майсея, але і прызначалі каштоўнасці элінскай (грэцкай) культуры. Прыхільнікі гэтай плыні мелі ў Ерусаліме свае сінагогі, дзе закон чытаўся на грэцкай мове, а не на старажытнаарамейскай, як гэта было прынята. Частка тых “эліністычных юдэяў” прыняла хрысціянства і ў хуткім часе паўстала супраць юдаізма. Да іх ліку належаў і Стэфан, адзін з першых сямі архідыяканаў. Прычынай спрэчкі стаў ерусалімскі Храм і яго культ. Стэфан карыстаўся пісаннем Старога Запавету, каб даказаць мізэрную значнасць Храма. Ён сцвярджаў: “Але Ўсявышні не ў рукатворных храмах жыве, як казаў прарок: Неба – пасад Мой, а зямля – падножжа ног Маіх”. Іншымі славамі Стэфан сцвярджаў, што Боская прысутнасць не звязана з паняццем храма.
За гэтыя словы, у 33-м годзе ад Нараджэння Хрыстова, юдэі забілі Стэфана камянямі. Святы Лука, аўтар “Дзеяў Апосталаў” піша, што ў момант гібелі Стэфан “усклікнуў громкім голасам”: “Вось, я бачу нябёсы адкрытыя і Сына Чалавечага, стоячага па правіцу Бога”. Малады фарысей Саўл прысутнічаў пры тым пакаранні і адобрыў гэта. Але пройдзе не шмат часу, і той жа самы Саўл ператварыцца з непрымірымага пераследвальніка новай веры ў яе рэўнаснага абаронцу і стане вядомым у хрысціянскім свеце пад імем Павел.
Пасля смерці Стэфана пачалося пераследванне хрысціянаў Ерусалімскай суполкі. Большасць з іх пакінула горад, але апосталы засталіся ў Ерусаліме. На думку Святога Лукі, пераследванні былі вызначаны Богам, бо ратуючыся ад пераследванняў сябры суполкі рассяліліся ў Самарыі (гэта тэрыторыя сённяшняга Ізраіля), у Фінікіі (на зямлі цяперашняй Сірыі), на Кіпры і ў Антыохіі (дзе была грэцкая культура), паўсюль несучы з сабой хрысціянства. Горад Антыохія, быў заснаваны царом Селеўкам І ў 300 годзе да Нараджэння Хрыста, на рацэ Аронт, дзе было перакрыжаванне шляхоў у Палестыну, Анатолію і Месапатамію. Першыя паслядоўнікі навукі Хрыста з’явіліся там каля 34 года. І вось, пачынаючы з 40-х гадоў, Антыохія на некалькі стагоддзяў стала новым цэнтрам хрысціянства. З 64-га года, горад ўвайшоў у склад Рымскай імперыі і стаў сталіцай правінцыі Сірыя. Адзначым, што менавіта ў Антыохіі вернікі ўпершыню пачалі называць сябе “хрысціянамі”. Раней яны звалі сябе “братамі”, “вучнямі”, “святымі”, “стоячымі на шляху”.
Пад час праўлення Рымскага імператара Клаўдзія, з 41 па 54 год, юдэяў выганяюць з Рыма. Пытанне аб часе выгнанняў застаецца спрэчным, але, хутчэй за ўсё, яны пачаліся ў 41 годзе. Пераследванні закранулі тыя сінагогі, дзе ўзніклі хваляванні пад уплывам новай рэлігіі.
Назва “хрысціяне” падкрэсліла ўжо складзены характар іх групы, якая цяпер была адкрыта і для язычнікаў. Па сцвярджэнню Святога Лукі, менавіта ў Антыохіі “добрая вестка Ісуса – Хрыста” стала здабыткам элінаў, людзей грэцкай культуры, тады як раней вучні, выгнаныя з Ерусаліма, звярталіся толькі да юдэяў. Пачаўся працэс адыходу хрысціянства ад юдаізма. Вельмі хутка Антыахійская суполка стане змешанай, складзенай з юдэяў і язычнікаў. Адбудзецца круты паварот, які паўплывае на станаўленне Царквы.
Антыахійская суполка была жывым арганізмам, у ёй сумяшчаліся строгасць настаўніцтва з жывасцю прароцтва, сказанага ад імя Божага. Настаўнікамі былі так званыя “служыцелі Слова” – дзідаскалы, а прарокі неслі неслі сябрам суполкі адкрыццё Святога Духа. У “Дзеях Апосталаў” чытаем:“Калі яны служылі Госпаду і пасціліся, Дух Святы сказаў: даручыце Мне Варнаву і Саўла на дзею, да якой Я іх паклікаў. Тады яны, папасціўшыся і памаліўшыся і ўсклаўшы на іх рукі, адпусцілі іх” (Дзеі, 13). Так, да 43 года быў вырашаны лёс першай місіянерскай вандроўкі.
У дыяспары фарысеі немала папрацавалі для ўзвялічванні веры ў адзінага Бога. Зацікаўленыя гэтай ідэяй, язычнікі ахвотна наведвалі сінагогі. Аднак гэта не азначала, што юдаізм нёс у сябе ідэю місіянерства. “Заахвочваць празелітаў” не азначала для юдэя “быць місіянерам”. Па вельмі вобразнаму выказванні Талмуда, празеліт “набліжаецца да Боскай прысутнасці”, стараючыся зліцца з богаабраным народам. Аднак асіміляцыя празеліта ні ў якім разе не сцірала грань паміж “выбраным” і іншымі народамі. У супрацьлегласць юдаізму, хрысціянская вера з самага пачатка развівала думку аб неабходнасці “міссіі”, каб паўсюль узнікалі новыя суполкі, дзе б славілі імя Ісуса Хрыста. Калі настане час, усе народы стануць адзіным, сапраўдным народам Божым, адкупленым і асвечаным Яго крывёю.
Мы памятаем, што Пётр, якога спачатку звалі Сымон, быў адным з першых вучняў Хрыста. Слова Пётр па-арамейску азначае “Кіфа” і перакладаецца як “скала”, або “камень”. Гэта яму Збавіцель сказаў: “Ты Пётр, і на камені гэтым Я збудую Царкву Маю” (Мц., 16:18). Пётр, як галава апосталаў, карыстаўся вельмі вялікім аўтарытэтам у першых хрысціян. А вось Павел, заўзяты абаронца Закона Майсея і традыцый продкаў, мог бы стаць кніжнікам-фарысеям (рабінам), калі б не загадкаве здарэнне, якое адбылося з ім па дарозе ў Дамаск. Пазней, у сваіх Пасланнях, ён будзе ўзгадваць аб ім як аб “відзенні”, “яўленні”, падобна таму, што явілася апосталам пасля смерці Ісуса. Яўленне Хрыста ператварыла яго з пераследваннікаў Навукі ў апостала хрысціянаў. Але Павел адрозніваўся ад іншых апосталаў тым, што не ўваходзіў у лік першых вучняў Ісуса, і тым, што атрымаў адкрыццё на казанне Слова Божага ад самаго Усявышняга.







All the contents on this site are copyrighted ©.