2006-03-08 14:08:39

Пасланьне Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі на Вялікі Пост 2006 году


На шляху вялікапоснай “унутранай пілігрымкі” Пачэсныя Айцы Сьвятаслужыцелі!
Дарагія ў Госпадзе Манахі, Манахіні і Браты Семінарысты!
Узлюбленыя Браты і Сёстры!
Вечная Міласэрнасьць Госпада!
пар. Псалом 135
    ”Навернемся да Бога, спазнаем Яго Міласэрнасьць”.

 
Малітоўны роздум над значэньнем вялікапоснага, духовага змаганьня хочам пачаць словамі з Пасланьня Сьвятога Айца Бенядыкта ХVI на Вялікі Пост 2006 году:
“Вялікі Пост — гэта найбольш спрыяльны час для ўнутранай пілігрымкі да Таго, хто зьяўляецца крыніцаю Міласэрнасьці. Гэта пілігрымка па пустыні нашай убогасьці, у якой Ён сам нам спадарожнічае, падтрымліваючы нас на шляху да радасьці Вялікадня. Нават у «даліне смяротнага ценю», пра якую гаворыць Псальміст (пар. Пс 23, 4), тады, калі спакушальнік падштурхоўвае нас да роспачы або намаўляе разлічваць толькі на свае ўласныя сілы, Бог клапоціцца пра нас і ўмацоўвае”.
У перыяд Вялікага Посту Царква нагадвае нам, што Міласэрны Госпад Ісус Хрыстос чуе і сёньня заклік людзей, якія шукаюць справядлівасьці, міру, надзеі і любові. І нават у вялікім адчаі, што часта прыгнятае без усялякага адрознення старых, дарослых, моладзь і дзяцей, Бог не дазваляе запанаваць цемры і страху. Як напісаў Слуга Божы Папа Ян Павел ІІ: “Існуе «боская мера, вызначаная злу», а зьяўляецца ёю Міласэрнасць” (Pamięć i tożsamość).
Пра асаблівую вартасьць “унутранай пілігрымкі” да Міласэрнага Хрыста нагадвае нам Яго Сьвятасьць Папа Бенядыкт ХVI:
Вялікі Пост хоча нас весьці да поўнага збаўленьня, у чаканьні блізкай перамогі Хрыста над усялякім злом, якое прыгнятае чалавека. Калі мы зьвернемся да боскага Настаўніка, то навернемся да Яго, спазнаем Яго Міласэрнасьць дзякуючы сакраманту паяднаньня і ўбачым пранізлівы да глыбіні «позірк», які можа даць новае жыцьцё ўсім людзям і кожнаму з нас. Тым людзям, якія не замыкаюцца ў скептыцызме, гэты «позірк» вяртае надзею, адкрываючы перад імі перспектыву шчасьлівай вечнасьці. А значыць, ужо ў гэтым жыцьці Бог ніколі не дазволіць, каб не было сьветлага сьведчання Яго любові, нават калі здаецца, што пераважвае нянавісьць” (Пасланьне на Вялікі Пост 2006 году).

 2. “Звернем нашыя сэрцы да Магутнага Бога і ў адзінстве ўзнясем малітвы.”

 
На шляху вялікапоснай “духовай пілігрымкі”, што вядзе людзей да ўрачыстасьці сьветлай Пасхі Хрыстовай, знаходзім каштоўныя знакі надзеі. Хрысьціяне розных канфесіяў і традыцыяў: праваслаўныя, католікі абодвух абрадаў, пратэстанты, а таксама людзі добрага сумленьня, яднаюцца для посту і малітвы, каб прасіць Божай Міласэрнасьці для нашай Краіны. З Сьвятога Пісаньня ведаем, што “шмат можа ўзмоцненая малітва праведнага” (Ліст Апостала Якуба, 5,16).
У візантыйскай богаслужбовай традыцыі, якая павінна кшталтаваць духовае жыцьцё кожнага грэка-католіка, днямі посту і малітвы зьяўляюцца серада і асабліва пятніца. Таму у час Вялікага Посту слушна будзе разглядаць кожную пятніцу як дзень змірэньня, посту і малітвы. Прадметам нашых асаблівых малітваў няхай стануць просьбы пр тое, каб стандартам чалавечых узаемадачыненьняў стала ўзаемная павага, еднасць у Духу Святым, а арыенцірам – Дзесяць Прыказанняў Божых, правераных часам і гісторыяй.
На шляху вялікапоснай “духовай пілігрымкі” Царква корміць нас шчодра Словам Божым. У тым жа Слове Божым знаходзім каштоўнае прароцтва, што нясе надзею: “І ўпакорыцца народ Мой, які называецца імем Маім, і будуць маліцца, і шукацьмуць аблічча Майго, і адвернуцца ад дрэнных шляхоў сваіх, дык Я пачую зь неба і дарую грахі іхнія і ацалю зямлю іхнюю” (2 Кніга Летапісаў 7,14)
На беларускай зямлі Дабравесьце пра Міласэрнага Бога праз стагоддзі прасьвятляла радасныя і сумныя часы жыцьця нашага народу. Таму ў духу вернасьці нашай духовай традыцыі “звернем нашыя сэрцы да Магутнага Бога і ў адзінстве ўзнясем малітвы”, каб “Ён пачуў зь неба і дараваў грахі нашыя, і ацаліў зямлю нашую” (пар. 2 Летапісаў 7,14). Молімся рупліва, каб Евангельле Міласэрнасьці стала і сёньня крыніцай сьвятла, надзеі, любові і духовай моцы для ўсіх людзей добрага сумленьняі, якія шчыра й сур’ёзна клапоцяцца пра дабро нашай Бацькаўшчыны.
Асаблівай духовай нагодай, каб на шляху вялікапоснай “духовай пілігрымкі” зачэрпнуць з гэтай “невычэрпнай крыніцы надзеі”, зьяўляецца штогадовае сьвяткаваньне Добравешчаньня Гасподняга - 25 сакавіка. Хай магутная малітва Найсьвятой Дзевы Марыі, з якой “дзеля нас людзей і дзеля нашага збаўленьня” прыняў цела Міласэрны Збавіцель сьвету, дапамагае нам ўсё больш і больш любіць Бога і нашую Айчыну Беларусь, і працаваць дзеля дабра ўсіх яе грамадзянаў.

З адказнасьцю прымем подзьвіг посту і ў кожную вялікапосную пятніцу пастараемся ўдзельнічаць ў Літургіі раней асьвячаных дароў, або прынамсі вечарам прачытаць малітву з той жа Літургіі:
“Усемагутны Ўладару, што пасьля сарака дзён даў слузе Твайму Майсею табліцы Закону,
дай нам змагацца добрым змаганьнем, час посту добра закончыць,
захаваць непарушнай веру, быць пераможцамі граху
і без асуджэньня дажыць пакланіцца сьвятому Ўваскрасеньню.
Бо ўсепачэснае і велічнае Імя Тваё, Айца і Сына, і Сьвятога Духа,
блаславёнае і праслаўленае цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амінь.”.

Менск, Пачатак Вялікага Посту 2006 году.

+ Архімандрыт СЯРГЕЙ (Гаек)
Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі







All the contents on this site are copyrighted ©.