2006-03-07 13:38:04

Пад знакам Ісуса (№ 5)


Расказваючы ў мінулы раз пра першыя хрысціянскія суполкі, мы прыгадалі адну важную акалічнасць, а менавіта ролю жанчын. Вядома, што некаторыя жанчны суправаджалі Ісуса Хрыста ў яго вандраваннях. Вядома, што яны былі побач са Збавіцелем у час яго ўкрыжавання, калі вучні пакінулі яго. Ісус вярнуў жанчыне чалавечую годнасць і цяпер яе месца не абмяжоўвалася вузкім сямейным колам. У першых хрысціянскіх суполках жанчыны і мужчыны маліліся разам, што для таго часу было зусім новай з’явай. “Усе яны аднадушна прыбывалі ў малітве і маленні, з некаторымі жанчынамі і Марыяй, Маці Ісуса, і з братамі Яго”, – пісаў Святы Лука ў “Дзеях Апосталаў”. Лука ўзгадвае яшчэ аб адной жанчыне, Марыі, маці Яна, якога называлі Маркам, у доме якой “многія збіраліся і маліліся”. Як бачым Хрысціянства ля сваіх вытокаў было лаяльным да жанчын.
Евангеллі сведчаць аб тым, што ўсе бліжэйшыя вучні Хрыста збеглі ў момант яго смяротнага пакарання. Пасля Узнясення Ісуса, апосталы гатовыя былі “рассеяцца” і несці Слова Божае па ўсім свеце. Грэцкае слова “diaspora” і азначала “рассеянне”, яно было добра вядома юдэям, якія дакладна падзяляіся на тых што жывуць на зямлі Палестыне і юдэяў дыяспары, вочы і душы якіх заўсёды былі звернуты да Ерусаліма. Многія з іх стараліся перасяліцца ў Святы горад, каб правесці там астатак жыцця. Аднак хрысціянскае “рассеянне” мела зусім іншы характар. У выніку місіянарскай дзейнасці прапаведнікаў, ствараліся ўсё новыя і новыя суполкі, і яны не мелі былой сувязі з Ерусалімам.
Так зарадзіўся рух тых людзей, якіх яшчэ не называлі хрысціянамі. Упэўненыя ў спаўненні часоў, стоячы на самым пачатку шляху, ці маглі яны падумаць, якім цярністым для іх будзе гэты шлях? Гісторыя ўжо рыхтавала ім выпрабаванні...
Прыкладна з 30-х па 70-я гады пачаліся сур’ёзныя сутыкненні розных накірункаў у Хрысціянстве з-за ўваходжання ў склад суполак язычнікаў. У цэнтры канфлікта аказаліся апосталы Пётр і Павел. Галоўная тэма спрэчкі была ў наступным: ці павінны язычнікі падпарадкоўвацца юдэйскаму закону? Ад адказа на гэтае пытанне залежала будучае Хрысціянства.
Пётр і Павел прадстаўлялі два розных накірунка новай рэлігіі. Іх адкрытае супрацьстаянне адбылося ў горадзе Антыохія, аднак у “Дзеях Апосталаў” Лука прымірае іх назваўшы заснавальнікамі Царквы. Але пачнем усё па парадку.
Замацаванне новай веры не магло не выклікаць незадаволенасць уладаў. Апосталы Пётр і Ян, якія ўзначальвалі Ерусалімскую суполку, былі пакліканы ў Сінэдрыён, што можна было расцаніць як першы прызнак нарастаючай варожасці да хрысціянаў.
У той час Сінэдрыён узначальваў першасвятар з саддукеяў, якія не верылі ва ўваскрэсенне Хрыста і не жадалі чуць расказы яго вучняў. Апосталы былі заключаны ў цямніцу.
У склад Сінэдрыёна ўваходзілі і фарысеі, і вось адзін з іх, па імені Гамалііл, параіў прыняць мудрую пастанову – не прычыняць апосталам зла. Равін Гамалііл І-ы (Старшы) быў вядомым законанастаўнікам у Ерусаліме ў 20 – 50-х гадах. Вераванні фарысеяў у многім супадалі з новай навукай апосталаў, разнагалоссі тычыліся толькі выканання юдэйскага закону. Дык вось равін Гамалііл сказаў Сінэдрыёну: “Падумайце самі з сабою аб людзях гэтых, што вам з імі рабіць. Не так даўно перад гэтым быў Феўда, выдаючы сябе за нейкага вялікага, і да яго прыстала чатырыста чалавек; але ён быў забіты, і ўсе, хто слухаў яго, рассеяліся і зніклі. Пасля яго пад час перапісу явіўся Юда Галілеянін, і ўвёў за сабою даволі народа; але ён загінуў, і ўсе, хто слухаў яго, рассыпаліся. І цяпер, кажу вам, адстанце ад людзей гэтых і пакінце іх; бо калі гэта справа – ад чалавекаў, то яна разбурыцца, а калі ад Бога, то вы не можаце разбурыць яго; беражыцеся, каб вам не аказацца і богасупраціўнікамі”. Сапраўды, яго адносіны да вучняў Ісуса сведчаць аб мудрасці.
Прыблізна ў 34 годзе ад Нараджэння Хрыстова, цар Ірад Агрыпа І-ы пачаў пераследванні паслядоўнікаў новай Царквы. Ён загадаў адсячы галаву Якаву Зеведзееву, брату Яна. Пётр зноў трапляе ў цямніцу, дзе яго наведвае Ян. У “Дзеях Апосталаў” расказваецца пра цудоўнае вызваленне Пятра з вязніцы: “...у тую ноч Пётр спаў паміж двума воінамі, скаваны двума ланцугамі, і ахова каля дзвярэй вартавала цямніцу. І вось, Анёл Гасподні стаў перад ім, і святло азарыла цямніцу; анёл, штурхануўшы Пятра ў бок, разбудзіў яго і сказаў: устань хутчэй! І ланцугі апалі з рук яго. І сказаў яму анёл: падперажыся і абуйся. Ён зрабіў так. Пасля кажа яму: апрані адзежу сваю і ідзі за мною. Пётр выйшаў і следваў за ім, не ведаючы, што тое, што робіць анёл, ёсць сапраўднае, а думаючы, што бачыць уяву. Мінуўшы першую і другую варту, яны падыйшлі да жалезнай брамы, што вяла ў горад, якая сама адчынілася ім; яны выйшлі, і прайшлі адну вуліцу, калі раптам Анёла не стала з ім. Тады Пётр, апамятаўшы, сказаў: цяпер я бачу напраўду, што Гасподзь паслаў Анёла Свайго і выбавіў мяне з рукі Ірада...” (Дзеі, 12).
Мудрая парада равіна Гамалііла не была пачута, і канфлікт усё ж такі пачаўся. Да таго часу ўжо існавала яўнае адрозненне паміж тымі што верылі ў Ісуса і астатнімі юдэямі, хаця некаторыя апосталы: Пётр, Якаў, Ян – працягвалі лічыць сябе прававернымі юдэямі, якія змаглі пазнаць Месію, аб прыходзе якога казалі старажытныя прарокі. Аднак недавольства ўзнікла ўнутры групы так званых “эліністычных юдэяў”, якія мелі ў Ерусаліме свае сінагогі, дзе Закон чыталі па-грэцку, а не па-стараарамейскі. Частка з іх, навернутых у хрысціянства, паўстала супраць Юдаізма.







All the contents on this site are copyrighted ©.