2006-03-07 13:30:17

Зварот кардынала Гузара да праваслаўных епiскапаў Украiны з нагоды 60 гадавiны Львоўскага псеўдасабора.


Галава Украiнскай грэка-каталiцкай Царквы, кардынал Любамiр Гузар, напярэдаднi 60 гадавiны правядзення так званага псеўдасабора ў Львове звярнуўся да кiраўнiкоў праваслаўных Цэркваў ва Украiне. На згаданым саборы, праведзеным па загаду Сталiна УГКЦ была злiквiдавана, а яе ўласнасць i вернiкi былi перададзены, адпаведна, у маёмасць i пад юрысдыкцыю Рускай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага Патрыярхата. Аб звароце было аб'яўлена на прэс-канфярэнцыi, якая адбылася на пачатку бягучага месяца ў канфярэнцзалi на Святаюрскай гары ў Львове.
«Мы звярнулiся да нашых братоў, уладыкаў Праваслаўных Царкваў ва Украiне, бо адчувалi, што гэта трэба зрабiць. Мы звярнулiся па-братэрску, не асуджаючы iх. Убачым, якой будзе рэакцыя», - зазначыў галава УГКЦ.
Кардынал Гузар заявiў, што лiст не будзе абнародаваны, бо ягоная Царква хоча пакiнуць свабоду ўспрыняцця яго праваслаўнымi епiскапамi, у прыватнасцi, каб яны адрэагавалi самастойна на падзеi 60-гадовай даўнiны, калi 8 сакавiка 1946 года пад цiскам Масквы была злiквiдавана УГКЦ, многiх святароў якой тады адправiлi ў ссылку, а iншых прымусiлi перайсцi пад юрысдыкцыю РПЦ МП.
8 сакавiка бягучага года будзе абнародавана Пасланне да украiнскiх грэка-католiкаў i да ўсiх людзей добрай волi адносна Львоўскага псеўдасабора. Гэты дакумент, па словах кардынала Любамiра Гузара, дапаможа лепей зразумець згаданыя падзеi, якiя адбывалiся перад i пасля сабора.







All the contents on this site are copyrighted ©.