2006-03-06 13:49:03

Старонкi з Кампендiума сацыяльнай навукi Каталiцкай Царквы.


“Багаслоўскае вымярэнне неабходна
Як дзеля тлумачэння, так i дзеля вырашэння
Актуальных праблем чалавечага грамадства”.
(Centesimus annus, 55)
БОЖАЯ ЗАДУМА ЛЮБОВI АБ ЧАЛАВЕЦТВЕ
1. Вызваленчае дзеянне Бога ў гiсторыi Iзраiля.
а) Не заслужаная намi блiзкасць Бога
20. Кожны аутэнтычны рэлiгiйны вопыт, ва ўсiх культурных традыцыях, вядзе да iнтуiтыўнага пазнання Таямнiцы, якое нярэдка ўгадвае некаторыя рысы Божай асобы. Бог прадстае перад намi, з аднаго боку, як крынiца таго, што ёсць; як прысутнасць, што гарантуе сацыяльна арганiзаваным людзям асноўныя ўмовы жыцця, даючы ў iх распараджэнне даброты, неабходныя для яго; з другога боку, як мера таго, што павiнна быць, як прысутнасць, якая заклiкае да чалавечага дзеяння – на iндывiдуальным i сацыяльным узроўнях, - заахвочвае выкарыстоўваць тыя ж даброты ва ўзаемаадносiнах з iншымi людзьмi. Такiм чынам, у кожным рэлiгiйным вопыце аказваюцца важнымi як вымярэнне дару i бескарыслiвасцi, якое разумеецца як асновага таго вопыта, якi чалавечая асоба атрымоўвае з уласнага суiснавання з iншымi ў свеце, так i ўздзейнiчання гэтага вымярэння на сумленне чалавека, якi адчувае, што заклiканы распараджацца атрыманым дарам адказна i супольна з iншымi людзьмi. Аб гэтым сведчыць агульнае прызнанне залатога правiла, у якiм на ўзроўне чалавечых адносiнаў выказваецца заклiк Таямнiцы да чалавека: “ва ўсiм, як хочаце, каб з вамi паступалi людзi, так паступайце i вы з iмi” (Мт 7, 12) .
21. На фоне разнастайных выяў унiверсальнага вопыта вылучаецца Адкрыццё, якое Бог паступова дае аб Сабе Самiм народу Iзраiля. Яно адказвае на чалавечыя пошукi боскага неспадзяваным i дзiўным чынам, праз канкрэтныя гiстарычныя падзеi, у якiх выяўляе сябе Божая любоў да чалавека. Згодна з Кнiгай Зыходу, Пан звяртаецца да Майсея з наступнымi словамi: “Я ўбачыў пакуты народа Майго ў Егiпце i пачуў лямант яго ад прыстаўнiкаў яго; Я ведаю жаль яго i iду збавiць яго ад рукi егiпцянаў i вывесцi яго з зямлi гэтай [i ўвесцi яго] у зямлю добрую i вялiкую, дзе цячэ малако i мёд” (Зых 3, 7-8). Нiчым не заслужаная блiзкасць Бога – на яе ўказвае i Само Ягонае Iмя, якое Ён адкрывае Майсею, “Я ёсць Iснуючы” (Зых 3, 14), - выяўляецца ў вызваленнi ад рабства i ў абяцаннi, робiцца гiстарычным дзеяннем, з якога пачынаецца працэс калектыўнай самаiдэнтэфiкацыi народа Панскага праз набыццё свабоды i зямлi, падораных Богам.
22. Бескарыслiвасць гэтага гiстарычна эфектыўнага боскага дзеяння трывала iдзе абок з абавязкам Запавета, прапанаванага Богам i прынятага Iзраiлям. На гаре Сiнай iнiцыятыва Бога канкрэтызуецца ў форме Запавета з Ягоным народам, якi атрымоўвае ў дар Дэкалог прыказанняў, адкрытых Панам (пар. Зых 19-24). “Дзесяцiслоў’е” (Зых 34, 28; пар. Другазак. 4, 13; 10, 4) “гаворыць аб значэннi прыналежнасцi Богу, замацаванай запаветам. Маральна дасканалае жыццё – адказ на iнiцыятыву Панскай любовi. Яна – падзяка, данiна ўшанавання Яму i ўзнясенне падзякi. Яна – супольная творчасць з задумай, якую Бог здзяйсняе ў гiсторыi”.
Дзесяць прыказанняў, пракладваючы выключны шлях жыцця ды ўказваючы самыя надзейныя ўмовы для iснавання ў свабодзе ад рабства граха, даюць аптымальнае выяўленне натуральнага закона. “Яны вучаць аб сапраўднай чалавечнасцi чалавека. Яны падкрэслiваюць асноўныя абавязкi, значыць, ускосным чынам, i фундаментальныя права, што належаць натуры чалавека”. Яны апiсваюць унiверсальную чалавечую мараль. Дзесяць прыказанняў, аб якiх Езус нагадаў багатаму юнаку ў Эвагеллi (пар. Мт 19, 18), “з’яўляюцца па сваёй сутнасцi першапачатковымi правiламi ўсялякага сацыяльнага жыцця”.
23. З Дэкалога бяруць свой пачатак абавязкi, якiя тычацца не толькi вернасцi адзiнаму сапраўднаму Богу, але i грамадскiх адносiнаў у сярэдзiне народа Запавета. Апошнiя рэгулююцца, у прыватнасцi, тым, што было названа правам беднага: “Калi ж будзе ў цябе жабрак хто-небуць з братоў тваiх… то не зрабi жорсткiм сэрца сваё i не сцiснi рукi тваёй перад галечным братам тваiм, але адкрой яму руку тваю i дай яму пазыку, згодна патрэбе ягонай, у чым ён мае патрэбу” (Другазак 15, 7-8). Гэта права распаўсюджваецца i на чужынцаў: “Калi паселiцца чужынец у зямле вашай, не прыцiскайце яго: чужынец, якi пасялiўся ў вас, няхай будзе для вас такi самы, як тубылец ваш; любi яго, як сябе; бо i вы былi чужынцамi ў зямле Ягiпецкай. Я Пан, Бог ваш” (Лев 19, 33-34). Такiм чынам, дар вызвалення i зямлi абяцанай, Сынайскi Запавет i Дэкалог шчыльна злучаны са звычаем, якi павiнен рэгуляваць, у духу справядлiвасцi i салiдарнасцi, развiццё iзраiльскага грамадства.
24. Сярод мноства пастаноў, мэта якiх – канкрэтызаваць стыль бескарыслiвасцi i шчодрасцi ў справядлiвасцi, натхнёны Богам, закон суботняга (якi святкуецца кожныя сем гадоў) i юбiлейнага (кожныя пяцьдзесят гадоў) года вылучаецца як важны прынцып – хаця ж ён i не быў нiколi ў поўнi рэалiзаваны – для грамадскага i эканамiчнага жыцця народа Iзраiля. Гэты закон прадпiсвае не толькi адпачынак для нiваў, але i адмену даўгоў i агульнае вызваленне людзей i матэрыяльных дабротаў: кожны можа вярнуцца ў сямью, з якой паходзiць, i зноў уступiць у валоданне ўласнай спадчынай.
Мэта такога закона – дабiцца, каб збаўчая падзея зыходу i вернасць Запавету не толькi закладвалi аснову грамадскага, палiтычнага i эканамiчнага жыцця Iзраiля, але i рэгулявалi вырашэнне пытанняў, злучаных з эканамiчнай бядотай i сацыяльнай несправядлiвасцю. Гутарка iдзе аб прынцыпе, заклiканым трывала з сярэдзiны пераўтвараць жыццё народа Запавета, прыводзячы яго ў адпаведнасць з задумай Божай. Каб спынiць дыскрымiнацыю i несправядлiвае разпаўсюджванне дабротаў, выклiканыя грамадска-эканамiчным развiццём, кожныя сем гадоў прыпамiн аб зыходзе i аб Запавеце пераводзiцца ў сацыяльныя i юрыдычныя тэрмiны, i такiя паняццi, як уласнасць, доўг, пазыка i матэрыяльныя даброты, зноў набываюць свой глыбiнны сэнс.







All the contents on this site are copyrighted ©.