2006-03-06 14:40:11

Малітва "Анёл Гасподні" у нядзелю 5 сакавіка


А паўдні, ў нядзелю 5 сакавіка, Папа Бэнэдыкт 16 сустрэўся з вернікамі, якія прыйшлі на Плошчу Сьвятога Пятра, каб супольна з ім адгаварыць багародзітчную малітву “Анёл Гасподні”.
Сваё галоўнае разважаньне, перад адгаварэньнем гэтае малітвы, Сьвяцейшы Айцец прысьвяціў вобразу пустыні, якая прысутная ў Літургіі Першае Нядзелі Вялікага Посту. Саракагадовае вандраваньне Выбранага Народу пасьля выхаду з Ягіпету было часам спакушаньня, але і навукі ўслухоўваньня ў голас Бога. Абмяркоўваючы гэтыя фрагмэнты Бібліі мы разумеем- сказаў Папа—што, каб поўнасьцю правесьці жыцьцё ў свабодзе трэба зьнішчыць спробу, якую нясе самая свабода, значыць спакусу. Толькі пасьля вызваленьня з няволі хлусьці і граху чалавечая асоба, дзякуючы паслухмянасьці веры, якая адкрывае яе на праўду, яна знаходзіць поўны сэнс свайго існаваньня ды асягае мір, любоў і радасьц.
Сьвяцейшы Айцец заахвоціў таксама моладзь да ўдзелу ў ініцыятыве студэнцкіх асяроддзяў Рыму, якая ўпісваецца ў Эўрапэйскі Дзень Студэнта. Будзе ён ушаноўвацца ў найбліжэйшую суботу пад лозунгам: “Хрысьціянскі гуманізм дарогаю да новага супрацоўніцтва Эўропы і Афрыкі”. У рамках гэтае ініцыятывы 11 сакавіка зарганізавана ў ватыканьскай зале імя Папы Паўла 6, а гадзіне 18- паводле беларускага часу, спэцыяльнае малітоўнае чуваньне з удзелам Папы. На заканчэньне сустрэчы з вернікамі Бэнэдыкт 16 папрасіў таксама іх духоўнае падтрымкі ў часе рэкалекцый, якія Рымская Курыя пачала ў нядзелю вечарам 5 сакавіка.
Дарэчы, гэтымі рэкалекцыямі кіруе эмэрытаваны Патрыярха Вэнэцыі, кардынал Марко Чэ, а іхняя тэма гучыць: “Вандруючы разам з Ісусам да Пасхі, мы ёсьць ведзеныя Эвангэлістам Маркам”. Рэкалекцыі, духоўныя практыкаваньні, адбываюцца ў Ватыкане, ў капліцы “Redemptoris Mater” ( Маці Адкупіцеля). Пачаліся яны Эўхарыстычнаю Вячэрняю, якая была спалучана з адарацыяю і перпшым разважаньнем. Рэкалекцыі для Папы і працаўнікоў Рымскае Курыі, закончацца ў суботу 11 сакавіка набажэнствам Ютраньні і апошнімі разважаньнямі.
У часе рэкалекцыяў не будзе ніякіх аўдыенцыяў Сьвяцейшага Айца, ўключна з Анульнаю Аўдыенцыю, якая павінна была б адбыцца 8 сакавіка







All the contents on this site are copyrighted ©.