2006-02-27 13:41:20

Старонкi з Кампендiума сацыяльнай навукi Царквы.


Прапануем вашай увазе працяг раздзелу пад назвай “Цэласны i салiдарны гуманiзм”.
в) Служачы поўнай iсцiне аб чалавеку
Гэты дакумент – справа служэння Царквы людзям нашых часоў, якiм яна прапануе спадчыну ўласнай сацыяльнай навукi, у тым самым стыле дыялогу, у якiм Сам Бог, у сваiм Адзiнародным Сыне, якi стаўся чалавекам, “звяртаецца да людзей, як да сябраў (пар. Иез 33, 11; Ян 15, 14-14) и жыве сярод их (пар. Вар 3, 38). Натхняючыся Пастырскай Канстытуцыяй “Gaudium et spes”, Кампендiум засяроджаннем усяго выкладання робiць чалавека “у ягонай еднасцi i поўнi, з целам i душой, з сэрцам i сумленнем, з разумам i воляй”. У апiсанай перспектыве Царква “вольная ад усялякiх зямных iнтэрэсаў i iмкнецца толькi да аднаго: пад кiраўнiцтвам Духа-Пацешыцеля працягваць справу Самаго Хрыста, Якi прыйшоў у свет, каб сведчыць аб iсцiне, каб збавiць, а не судзiць, i не дзеля таго, каб Яму служылi, але каб паслужыть”.
Дадзеным дакументам Царква мае намер унесцi свой уклад, гаворачы iсцiну, у вырашэннi пытання аб месцы чалавека ў прыродзе i у грамадств; над гэтым пытаннем разважаюць цывiлiзацыi i культуры, у якiх адлюстроўваецца мудрасць чалавецтва. Укарэненыя ў мiнулым, якое часта вымерается тысячагоддзямi, яны выяўляюць сябе ў розных формах рэлiгii, фiласофii, паэтычнага генiя ўсiх часоў i народаў, разважаючы аб сусвеце i чалавечай супольнасцi i спрабуючы зразумець сэнс iснавання i таямнiцу, якая яго ахоплiвае. Хто я? Чаму, нягледзячы на прагрэс, iснуе боль, зло, смерць? Чаго вартыя ўсе нашы дасягненнi, калi за iх часам трэба плацiць завялiкую цану? Што будзе пасля смерцi? Вось прынцыпiяльныя пытаннi, якi суправаджаюць ход чалавечага жыцця. У сувязi з гэтым магчыма прыпомнiць настаўленне “Пазнай сябе”, выбiтае на арцытраве храма ў Дэльфах, якое сведчыць аб асновапалягаючай iсцiне, згодна з якой чалавек, заклiканы вылучыцца з усяго шэрагу створаных iстотаў, з’яўляецца чалавекам менавiта таму, што па сутнасцi сваёй накiраваны на пазнанне сябе самога.
Як будуць зарэiнтаваны iснаванне, грамадства i гiсторыя чалавецтва, у вялiкай ступенi залежыць ад адказаў на пытаннi аб месцы чалавека ў прыродзе i грамадстве; адна з мэтаў дадзенага дакумента – унесцi ўклад у фармаванне гэтых адказаў. Бо глыбокi сэнс чалавечага iснавання адкрываецца ў свабодным пошуку iсцiны, здольнай надаць жыццю накiраванасць i поўню, у пошуку, да якога падобныя пытаннi няспынна натхняюць розум i волю чалавека. Гэтыя пытаннi – самы высокi выраз чалавечай натуры, бо яны патрабуюць адказа, якiм вымераецца глыбiня адказнасцi чалавека за ўласнае iснаванне. Акрамя таго, размова iдзе аб рэлiгiйных па сутнасцi пытаннях: “калi прычына рэчаў даследуецца цэласна, калi вядуцца пошукi апошняга i самага вычэрпальнага адказа, чалавечы розум асягае свайго зенiта i адкрываецца для рэлiгiйнасцi. Сапраўды, рэлiгiйнасць ёсць самым узвышаным выяўленнем чалавечай асобы, бо гэта апагей яе разумнай прыроды. Рэлiгiйнасць узнiкае з глыбокага iмкнення чалавека да iсцiны i палягае ў аснове свабодных i асабiстых пошуках боскага”.
Радыкальныя пытаннi, якiя ад пачатку суправаджаюць чалавека на ягоным шляху, у наш час робяцца яшчэ больш глабальнымi, з-за шырокага спектра выклiкаў, навiзны сiтуацый, важнасцi рашэнняў, якiя заклiканыя прыймаць пакаленнi сучасных людзей.
Першы з найвялiкшых выклiкаў, на якi павiнна адказаць сучаснае чалавецтва, - сама iсцiна аб тым, што значыць быць чалавекам. Мяжа i суадносiны памiж прыродай, тэхнiкай i мараллю – гэтыя пытаннi, якiя рашуча заклiкаюць да асабiстай i калектыўнай адказнасцi пры выпрацоўцы стыляў паводзiнаў, што ўлiчваюць кiм ёсць чалавек, што ён можа зрабiць i кiм павiнен быць. Другi выклiк – неабходнасць разумець i кiраваць плюралiзмам i адметнасцямi на ўсiх узроўнях: думцы, маральнага выбару, культуры, рэлiгiйнай прыналежнасцi, фiласофii чалавечага i сацыяльнага развiцця. Трэцi выклiк – глабалiзацыя, значэнне якой больш шырокае i глыбокае, чым толькi эканамiчны аспект, бо з ёй у гiсторыi адкрылася новая эпоха, што закранае лёс чалавецтва.
Вучнi Езуса Хрыста адчуваюць, што ўтягнуты ў вырашэнне гэтых пытанняў, таксама носяць iх у сэрцы i хочуць уключыцца, разам з усiмi людзьмi, у пошукi iсцiны i сэнса iндывiдуальнага i сацыяльнага жыцця. Свой уклад у гэтыя пошукi яны ўносяць, шчодра сведчачы аб дары, якi атрымала чалавецтва: Бог звярнуўся да людзей са Сваiм Словам у ходзе гiсторыi; болей за то, Ён Сам увайшоў у гiсторыю, каб весцi дыялог з чалавецтвам i адкрыць яму Сваю задуму аб збаўленнi, справядлiвасцi i братэрстве. У Сваiм Сыне, Езусе Хрысце, якi стаўся чалавекам, Бог збавiў нас ад граха ды ўказаў шлях, па якому крочыць, i мэту, да якой iмкнуцца.
г) У знак салiдарнасцi, павагi i любовi.
Царква iдзе разам з усiм чалавецтвам па дарогах гiсторыi. Царква жiве ў свеце i павiнна, хаця ж яна i не ад свету (пар. Ян 17, 14-16), служыць яму, згодна са сваiм унутраным паклiканнем. Такi падыход – яго магчыма знайсцi i ў дадзеным дакуменце – падмацоўваецца таксама глыбокай упэўненасцю ў тым, што для света важна прызнаць Царкву як рэчаiснасць i рошчыну гiсторыi, таксама як i для Царквы важна не заплюшчваць вочы на тое, колькi яна атрымала ад гiсторыi i ад эвалюцыi чалавечага рода. II° Ватыканскi сабор красамоўна прадэманстраваў салiдарнасць, павагу i любоў да чалавечай сямьi, уступiўшы ў дыялог па многiх праблемах, “несучы святло, узятае з Эвангелля, i даючы чалавечаму роду тую збаўчую моц, якую сама Царква пад кiраўнiцтвам Святога Духа прыймае ад Уласнага Заснавальнiка. Бо неабходна збавiць чалавечую асобу i аднавiць чалавечае грамадства”.
Царква, якая зрабiлася ў гiсторыi знакам Божай Любовi i заклiканая да аб’яднання ўсяго чалавечага рода, дзяцей адзiнага Айца, у гэтым зборы сацыяльнай навукi зноў прапануе ўсiм людзям гуманiзм, якi адпавядае задуме любячага Бога аб гiсторыi. Гэты цэласны i салiдарны гуманiзм здольны ажыццявiць новы сацыяльны, эканамiчны i палiтычны парадак, заснаваны на годнасцi i свабодзе кожнай чалавечай асобы – парадак, якi трэба ўстанаўлiваць у духу мiру, справядлiвасцi i салiдарнасцi. Такi гуманiзм магчыма здзейснiць, калi асобныя мужчыны i жанчыны i iхныя супольнасцi будуць выхоўваць у сабе маральныя i сацыяльныя якасцi i распаўсюджваць iх у грамадстве, каб “з дапамогай Божай Ласкi з’явiлiся новыя людзi стварыцелi новага чалавецтва”.







All the contents on this site are copyrighted ©.