2006-02-24 14:40:25

Інтэрв"ю з арцыбіскупам Лайоло


“Ва ўмовах трывалага павялiчвання насiлля ў адносiнах да хрысцiянаў Царква не можа паддацца жаданню адпомсцiць”, - лiчыць арцыбiскуп Джованнi Лайоло.
У сваiм iнтерв’ю ўплывовай iтальянскай газеце “Corriere della Sera” кiраўнiк знешнепалiтычнага ведамства Апостальскай сталiцы адзначае, што ў хрысцiянаў ёсць усе падставы асцерагацца росту “хрысцiянафобii” i актаў насiлля, асаблiва ў мусульманскiх краiнах. У той жа час монс. Лайоло рашуча абверг помсту, як меру рэагавання на тое, што адбываецца.
Па словах арцыбiскупа, Царква не можа заставацца “абыякавай перад тварам нападаў на хрысцiянаў”. Таму супрацоўнiкi Ватыкана вядуць напружаную працу ў дыпламатычных колах, аказваючы цiск на ўрады i мiжнародныя арганiзацыi з мэтай забяспечэння бяспекi хрысцiянаў.
Адказваючы на пытанне аб тым, як спынiць павялiчванне “хрысцiянафобii”, галава знешнепалiтычнага ведамства Ватыкану зазначыў, што з гэтай з’явай трэба змагацца так сама як i з антысемiтызмам i варожым стаўленнем да прыхiльнiкаў iсламу. Арцыбiскуп Лайоло таксама зазначыў, што “дзеля барацьбы з нецярпiмасцю i дыскрымiнацыяй супраць хрысцiянаў, у першую чаргу, павiнны быць прынятыя пэўныя меры ў галiне СМI i адукацыi”.
Ён таксама заклiкаў да ўзаемапаразумення ў тым, што тычыцца павагi да рэлiгiйнай свабоды, i падкрэслiў, што хрысцiяне ў мусульманскiх асяродках павiнны карыстацца той жа самай ступенню павагi, якую мусульмане маюць на Захадзе.







All the contents on this site are copyrighted ©.