2006-02-16 13:24:17

Памёр дон Дiво Барсоттi, тэолаг i паэт.


15 лiстапада ў клаузуры Дома св.Сергiя, у тасканскiм горадзе Сеттiньяно, памёр вядомы iтальянскi тэолаг, пiсьменнiк i паэт дон Дiво Барсоттi. У красавiку бягучага года яму павiнна было споўнiцца 92 гады. Дон Дiво лiчыўся адным з буйнейшых знаўцаў усходняга манаства. За доўгiя гады жыцця ён напiсаў больш за 150 кнiг, прысвецiўшы iх тлумачэнням да Святога Пiсання, жыццярысам святых, духоўным даследванням. Асаблiвы поспех атрымалi наступныя працы нябожчыка: “Духоўнае багаслоў’е св.Яна ад Крыжа”, “Закон ёсць Любоў”, “Расейскае хрысцiянства”. Дон Барсоттi вёў дыялог з такiмi вядомымi мыслiцелямi ХХ стагоддзя, як Ханс Урс фон Бальтазар, Томас Мертон, Джузеппе Доссеттi. У 1946 годзе ён заснаваў суполку “Сыноў Божых”, у склад якой увайшлi як звычайныя свецкiя вернiкi, так i законнiкi, што вядуць супольны лад жыцця. Цяпер чальцы згаданай суполкi служаць Богу i людзям не толькi на радзiме заснавальнiка, але i ў Афрыцы, Аўстралii, Лацiнскай Амерыцы. Дон Дiво Барсоттi выкладаў тэалогiю на тэалагiчным факультэте ў Фларэнцыi, атрымаў шмат лiтаратурных прэмiй. Яго пяру належыць i першы пераклад на iтальянскую мову помнiка рускай духоўнай лiтаратуры “Шчырыя аповяды пiлiгрыма сваяму духоўнаму айцу”.







All the contents on this site are copyrighted ©.