2006-02-14 14:52:18

Пад знакам Ісуса


У мінулы раз мы пачалі расказваць аб самых першых вытоках Хрысціянства, аб тым, што адбывалася пасля таго, як Хрыстос Уваскрос, узняўся на неба, а на вучняў Яго зыйшоў Святы Дух. І сёння мы працягнем разглядзець усе акалічнасці нараджэння новай рэлігіі. Дзеля гэтага мы прасачым рух паслядоўнікаў Ісуса, які прыцягваў да сябе ўвагу розных слаёў грамадзтва.
Пасля расправы над Ісусам, яго паслядоўнікі перабраліся ў Галілею. Гэты край знаходзіцца на поўначы ад Юдэі і быў далучаны да юдэйскай дзяржавы ў 103 годзе да Нараджэння Хрыста. Населены народнасцямі іншаземнага паходжання Галілея была аддалена ад духоўнага цэнтра Юдаізма – Ерусаліма і яго Храма. Пры Ірадзе Вялікім, які памёр каля 4 года да Новай Эры, Ерусалім з яго высокімі мурамі і моцнымі вежамі быў споўнены веліччу. Асабліва цудоўным быў яго Храм. Па раскошы ўнутранага аздаблення ён перавасходзіў папярэдні, што быў пабудаваны пасля вяртання юдэяў з выгнання. А вось жыццё юдэыяў у Галілеі было іншым, яны былі больш свабодныя у выкананні звычаяў Закона Майсея і таму новая рэлігійная навука Ісуса знайшла ў Галілеі больш спрыяльную глебу, чым у суровай і законапаслушанай Юдэі.
Хрысціянскі рух ля сваіх вытоках быў цесна звязаны з іншай вельмі папулярнай у народзе навукай аб пакаянні, асноўнай фігурай якой быў Ян Хрысціцель, сын святара Захарыі. Ян Хрысціцель – апошні з прарокаў Старога Запавета, ва ўсведамленні многіх людзей ён атаясамляўся з прарокам Ільлёй які павінен быў вярнуцца на зямлю перад Божым днём, “днём вялікім і вельмі страшным”. Сведчанні пра Яна Хрысціцеля дайшлі да нас дзякуючы Евангеллям і працам юдэйскага гісторыка Іосіфа Флавія, які пісаў пра тое, што “Ірад стаў апасацца, каб вялізарны ўплыў Яна на массу людзей, поўнасцю падпарадкаваную яму, не прывёў да нейкіх ускладненняў”, і загадаў пакараць яго. У сваёй навуцы прапаведнік “гневу і агню”, Ян Хрысціцель аспрэчваў богаабранасць народа Ізраіля. Для яго галоўным было пакаянне. Ён прыймаў усіх што хацелі раскаяцца, няхай сабе гэта мытнікі, “што адну манету бралі ў казну, а другую – сабе”, распусныя жанчыны або салдаты – не юдэі. Тыя, што прыходзілі да яго раскайваліся ў сваіх грахах і хрысціліся, пагружаючыся ў воды ракі Іярдан.
Ян не надаваў вялікай значнасці і правілу захавання рытуальнай чысціні, імкненне да якой прымушала фарысеяў і яссеяў шмат разоў на дзень здзяйсняць амавенне. Сам жа ён хрысціў тых што пакаяліся ў водах Іярдана і лічыў неабавязковым здзяйсняць хрост у храме. Ісус прыняў хрост Яна перш, чым сам стаў хрысціць людзей Духам Святым. Народ вельмі любіў Яна Хрысціцеля і нават пасля яго смерці людзі працягвалі лічыць сябе яго паслядоўнікамі.
У 55 годзе ад Нараджэння Хрыстова, ў грэцкім горадзе Эфес, Святы Павел сустрэў хрысціянаў, “якія не ведалі іншага хросту акрамя Янавага” і якія “ніколі нават не чулі, ці ёсць Дух Святы” (Дзеі., 19). Ідэі Яна аказалі ўплыў і на вучняў Ісуса. Ён падрыхтоўваў людзей да новага прышэсця Мессіі. Многія накірункі ў Хрысціянстве ўходзілі каранямі ў навуку Яна Хрысціцеля. Для хрысціянаў, так жа як і для яго, не існавала богаабранага народа. Усе, і юдэі, і язычнікі, павінны былі аб’яднацца ў “сапраўдны народ”, “народ святых і абраннікаў Божых”.
У той час у юдэйскім гарамадзтве існавала некалькі рэлігійных груповак, якія часта варагавалі паміж сабой. Гэта былі яссеі, саддукеі і фарысеі. Склад жыцця яссеяў нагадваў манаскі, са строгім раскладам дня. Малітвы змяняліся працамі ў полі і зборам лекавых траў. У ранішняй і вячэрняй трапезе прыймалі ўдзел усе члены суполкі, пасля чаго яны здзяйснялі рытуальныя амавенні ў халоднай вадзе і апраналіся ў льняное адзенне. Маліліся яны і перад, і пасля трапезы якая складалася з куска хлеба і адной стравы, якую падавалі на вялікай агульнай місе. Юдэйскі гісторык Іосіф Флавій, які нарадзіўся каля 38 года ад Нараджэння Хрыстова, пабываў у суполцы яссеяў. Ён характэрызаваў іх як найлепшых людзей, якія заўсёды гатовыя прыйсці на дапамогу адзін аднаму. Яго таксама ўразіў зарок маўчання, які існаваў у суполцы.
Манастыр, падобны суполцы яссеяў, існаваў у Кумране, на беразе Мёртвага мора, побач з ракой Іярдан. У 1947 годзе малады пастух-бедуін, які шукаў згубленую жывёлу, кінуў камень у адну з пячораў. Гук разбітага посуду, які ён пачуў, здзівіў яго. У пячоры аказалася шмат гліняных глякаў са схаванымі ў іх світкамі. Так былі знойдзены “Рукапісы Мёртвага мора”. Рукапісы былі напісаныя на старажытнагабрэйскай, арамейскай і грэцкай мовах. Іх можна было падзяліць на тры групы: уласна старазапаветныя тэксты, рукапісы блізкія да біблейскай тэматыцы, напрыклад кніга Еноха, і дакументы, якія належалі самой гарамдзе яссеяў – яе “Статут”, або “Правілы Суполкі”. Хаця слова яссеі не ўзгадваецца ні ў адным дакуменце, можна сказаць, што юдэі, якія жылі ў Кумране, належалі да гэтай рэлігійнай групоўцы.
Паміж Янам Хрысціцелям, кумранітамі і Ісусам існавала адпаведнае адзінства думкі. Усе яны адмаўлялі ідэю Храма і ахвярапрынашэнняў. Некаторыя рысы апісанай ў “Дзеях Апосталаў” хрысціянскай грамады, такія, як агульныя трапезы, абагульненая маёмасць, братэрская ўзаемадапамога, былі ўласцівы і кумранітам. Аднак пры ўсім падабенстве уснавала і вялізарнае адрозненне. Яссеі і кумраніты выключалі ўсялякія кантакты з іншымі юдэямі і, яшчэ больш з язычнікамі. Іхняя непахіснасць у гэтым пытанні яўна супрацьстаяла адкрытасці, якую прапаведваў Ян Хрысціцель і яго паслядоўнікі, а потым хрысціяне. Аднак, час нашай гутаркі на сёння скончаны, працяг яе слухайце праз тыдзень.







All the contents on this site are copyrighted ©.